Я не саромлюся. На прыгожыя словы – пляваць. Я такіх брыдот нараблю, што ўсіх ванітаваць будзе. Вас будзе ванітаваць, а я тым часам на кожнага пятлю накіну. I зацягну…
Дзіўны чалавек сядзеў перад Горавым. Страшны, як шалёная рысь. I Гораў, не жадаючы паказаць свайго адчування, няшчыра пазяхнуў і спытаў:
– Вы на французскую хваробу ніколі не хварэлі, капітан? Бо нешта мне здаецца, што такія словы сведчаць аб размякчэнні спіннога мозга.
– Нават слоў маіх баіцёся, – жорстка засмяяўся Пора-Леановіч. – Не, капітан, я не хварэў на французскую хваробу. Ніколі. I продкі мае не хварэлі. Зберагалі для мяне сваю сілу.
– Ішлі б вы лепей спаць, капітан.
– А вы што?
– Я не хачу вас слухаць. Я афіцэр. Што б я ні думаў, я звязаны прысягай і законам гонару.
– Псу пад хвост, – сказаў Леановiч.
Ён устаў і шырока пацягнуўся, распраўляючы мускулы. Засмяяўся:
– Прашчур – малайчына. Галоўнае – стаць на той бок, які выйграе.
Гораў адышоў ад стала, успёрся локцямі на падваконне і прыціснуў лоб да халоднага шкла.
Дождж ліў так, што ўся зямля ў сляпучым святле бліскавіц укрывалася сінімі ўспышкамі кропель, якія падалі. Быццам поле нізкіх, ля самай зямлі, кветак вырастала паўсюль і зноў згасала ў цемры. Білі грымоты.
– Нехта люта сваволіў, ломячы ў хмарах тоўстыя дрэвы.
Праз шум дажджу пачуўся шолах колаў па хліпкай зямлі.
Глухія галасы.
Гораў угледзеўся ў цемру:
– Нехта прыехаў.
Ён накінуў плашч і выйшаў.
Сярод двара стаяла парная прыпрэжка. Дымелі спіны замораных коней. А за імі ледзь вымалёўваўся цёмны сілуэт лёгкай брычкі з узнятым верхам. Фурман, сівавусы чалавек, падобны ў плашчы на натапыраную птушку, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нехлямяжы, кідаўся ва ўсе бакі.
Фіранка брычкі адшморгнулася: з’явілася з яе нутра і ступіла на прыступку невялічкая нага. Жанчына, высокая і зграбная, у цёмным плашчы, стала проста ў ваду, якая плыла па ўсім двары, і азірнулася.
– Сюды, пані,– спяшаючыся з ганка ёй насустрач, голасна сказаў Гораў.
Ён адчыніў перад жанчынаю дзверы. Тая пераступіла парог і адкінула капюшон, мружачы вочы ад