– Дык што ж мне рабіць, Ігнат? – спытала між тым студэнтка Аня Балтас. – Ты цяпер у сваім жыцці, а мяне там быццам ужо і няма. І я ж не плакацца прыйшла, праўда?
У кавярні пабольшала наведвальнікаў. Адразу ўключылі магнітафон у кутку за стойкамі, адтуль загучэла расейская папса, потым Высоцкі, зноў нейкая прыблатнёная спявачка з рызыкоўным рэфрэнам: «Мама, я злодзея люблю». Некалькі дзяўчат паселі за суседні столік. Сярод іх, як заўважыў Ігнат Мазур, былі дзве аднапакаёўкі Юлі Мараковай. «Пляваць», – падумаў ён.
– Ты здольная крыху пацярпець, Аня? – спытаў ён. – Я шмат чаго даздаю, некаторым выкладчыкам гэта не спадабаецца, тут яшчэ патрэбныя залікі па практыцы, у нас вайсковая кафедра, а там без цырымоніі могуць загнобіць любога – проста, каб іх баяліся. Давай вырашым усё крыху пазней. Ты ж бачыш, як усё навалілася, – гаварыў ён, тым не менш, разумеючы, што не ўсё кажа шчыра, і раптам яму стала невымерна шкада і Ані Балтас, і чамусьці яе сястры, якая, напэўна, мела рацыю, і сябе.
Віно скончылася, студэнт Ігнат Мазур разлічыўся, і абодва выйшлі на вуліцу. Сцямнела. Запаліліся ліхтары.
Здаецца, яны шмат пра што паспелі пагаварыць. Студэнтка Аня Балтас, увогуле мягкая па характары, зноў была быццам усім задаволеная, яны заціснуліся ў будку тэлефона-аўтамата і там цалаваліся, а потым Ігнат Мазур сказаў:
– Тралейбусы пакуль ходзяць. Можа, да цябе, Аня?
– А я сёння якраз засталася адна ў пакоі. Раз’ехаліся дзеўкі. Ноч будзе наша? Як усё-такі добра, калі мы разам.
Назаўтра, седзячы на лекцыі ў аўдыторыі, студэнт Ігнат Мазур па новай звычцы, якая з’явілася ў яго параўнальна нядаўна, у другі раз запісаў у нататнік, які насіў пры сабе і нікому не паказваў:
«Пачытаў больш падрабязна пра тэлегонію, аб чым нагадвала сястра Ані Балтас, Ларыса, якая заканчвае медінстытут. Урэшце, шматлікія медыкі, генетыкі і навукоўцы ведаюць гэтую дзіўную, нават інфернальную з’яву, якая, тым не менш, не даводзіцца шырокаму колу людзей, разам з такімі калянавуковымі галінамі, як еўгеніка, гамеапатыя і г. д. Лічаць (хто менавіта?), што людзям пра такое лепш не ведаць. Шэкспір неяк напісаў: «Што чалавек? Жывёла і не болей». Ну, можа, разумная, але жывёла. Аказваецца, варта спытаць любога вопытнага сабачніка, галубятніка і іншага, які займаеца развядзеннем чыстых парод жывёл, і пачуеце адразу: пародзісты сабака, які выпадкова спароўваецца з беспародным і патомства якога вынішчаецца,