Дарэчы, пра аргазм. З якой прычыны табе ў гэты момант зазвычай прагнецца хоць на імгненне стаць жанчынаю, каб даведацца, што адчувае таямнічая істота, з якой ты дзеліш ложак? Можа, ніякай мексіканскай танцоркі напраўду ніколі не існавала, бо ў адваротным выпадку ты ну хоць нешта, нейкае каліва, але мусіў бы памятаць. Нельга ж пагадзіцца, што тая белазубая смуглявачка з пышным бюстам і ўсім астатнім сваім – тваім жаночым багаццем служыла эталонам фрыгіднасці і за свае пяцьдзесят тры (як паказалі эзатэрычныя табліцы) вірлівыя гады так нічога і не адчула.
Адзінае, на што ты катэгарычна не пагаджаешся – вярнуцца раслінаю. Ты згодны з філосафамі: любая, няхай сабе найпрыгажэйшая кветка ўсё адно асуджаная на сляпое, паўсоннае, прыкутае да зямлі існаванне. А вось непрыкметны камарык – насаты тварык – свабодны: звоніць у свой невідочны званочак, вырабляе складаныя піруэты ў сонечным промні, сам вызначае сабе шлях і выбірае ахвяру. Жывёла мае выбар, і ў гэтым сэнсе нябачная воку інфузорыя, якая займае сабой нейкую тысячную долю кроплі, сапраўды незалежная ад усяго астатняга Сусвету, а велічэзны клён, на галінцы якога яна вісіць, – несвабодны. Вырасці клёнам, каб нейкі апівуда пускаў на цябе свой пенлівы струмень і яму нельга было даць выспятка, ты не згодны. Няхай ужо тады будзе мікракосм інфузорыі… (Цікава, колькі інфузорыяў затаілася ў сусвеце тваёй біклажкі?)
Блукаючы ад клеткі да клеткі, ад глытка да глытка і ад рэфлексіі да рэфлексіі, ты настолькі заблытваешся ў іхнім багавінні, што ледзьве не прапускаеш падзеі, якая нядаўна крыху ўзбунтавала ціхамірную плынь аднастайных тутэйшых дзён, напоўніўшы сэрцы жыхароў і наведнікаў звярынымі і чалавечымі пачуццямі.
Зрэшты, у здарэнні няма нічога неардынарнага: белыя мядзведзі з’елі дзяўчынку Машу.
Гэтую афарбаваную светлым фаталістычным сумам гісторыю ты чуеш адразу ў некалькіх сагрэтых чалавечай спагадаю інтэрпрэтацыях.
Паводле першай, брацік неабачліва паставіў сястрычку на верх агароджы, а малой заманулася пагуляць з «мядзведзікамі». Праз хвілю аматары прыроды ўбачылі, што ласкавыя, амаль плюшавыя «мішуткі» хацелі есці. (Некаторыя