Гэты досыць трывіяльны сюжэт табе чамусьці не падабаецца: магчыма, шкада Сашу, якога драпежнікі з’елі разам з Машай, спыніўшы працэс ягонае рэінкарнацыі на самым пачатку.
Больш сімпатычнай выглядае версія, паводле якой ахвяра мядзведжага апетыту была транссексуалкай, што пасля аперацыі ператварылася ў Мішу, але аднойчы, і, трэба сказаць, у самы пікантны і напружаны момант, у скляпаным дактарамі шчаслівым арганізме неспадзявана пачалася рэакцыя адчужэння, і трансплантаваны орган адваліўся, што і змусіла агорнутага роспаччу Мішу, зноў перавернутага ў Машу, аддацца на разарванне белым мядзведзям.
І, бадай, самае неверагоднае, што ты выслухаў каля вальеры, – нібыта Маша не мела аніякага дачынення ні да малалетніх дзяўчынак, ні да няшчасных закаханых і хворых на СНІД, а жыла на вуліцы Калектарнай у тым доме, дзе прымаюць шклатару, і была сямідзесяцігадовай бабуляю, якую дзеці і ўнукі выгналі з дому за тое, што ўначы яна моцна храпла і будзіла канарэйку. Вось бабуля і пайшла да мядзведзяў, бо любіла жывёлаў і рэгулярна падкормлівала галубоў каля помніку Ф. Дзяржынскаму. У такі варыянт, пры ўсёй ягонай вонкавай абгрунтаванасці, паверыць архіскладана: пералезці высокую жалезную загарадку вальеры няпроста нават спрытнай жыццярадаснай дзяўчыне ў ружовых майтках, а спагадлівыя наведнікі звярынца напэўна засаромеліся б падсаджваць бабулю, уважаючы наейны век і ўсеагульную павагу, бо Маша штодня па шмат разоў займала чаргу да вакенца прыёму шклатары і брала за паслугу амаль сімвалічныя ганарары. Наўрад ці бабулі дапамаглі караскацца на агароджу і родныя ёй людзі, таму што, як ты разумееш, яны не ставілі задачы кардынальнай ліквідацыі бабы Машы. Праблема палягала адно ў моцным храпе, і не выключана, што, жывучы ў натуральных прыродных умовах і на адпаведнай дыеце, бабуля магла хутка перавыхавацца і трыумфальна вярнуцца ў свае пенаты на Калектарнай.
Зрэшты, няма ніякай гарантыі, што ўсё гэта – не больш чым брудныя інсінуацыі. Рэальнасць жа перад табою: засраная вальера і зграя прадстаўнікоў арктычнае фаўны – калісьці, відаць, сапраўды белых, сытых і поўных мядзведжае годнасці.
Што ім мроіцца ў звыклым галаднаватым паўсне? Неабсяжная, зіхоткая ў месяцавым святле снегавая роўнядзь? Атамны ледакол «Ленін» на ахопленым паўночным ззяннем даляглядзе? Некалькі кашчавых нясмачных палярнікаў? Ясачка цікавасці і спадзявання прачынаецца ў зацягнутых каламутнай плеўкаю вачах адно тады, калі да сталёвых прэнтаў набліжаецца якая-небудзь таўсмаценькая бестурботная дзяўчынка, што, безумоўна,