Пісьменнік падазрона прыгледзеўся да смажанкі і запіў першыя, яшчэ не смакавыя, а слыхавыя ўражанні віном.
– Здаецца… – загаварыў ён, кладучы на талерку некалькі чарнаслівін, – здаецца, хтосьці з французскіх класікаў пісаў, што чалавек – гэта тое, што ён есць. Стэндаль любіў яечню. Гофман ствараў свае вусцішныя апавяданні, прывязаўшы да носу кавалачак жытняга хлеба з кменам, каб увесь час чуць ягоны водар. А яшчэ ён пісаў на моцным падпітку і чым болей піў, тым вышэй узлятала ягоная фантазія. Леў Талстой страшэнна любіў свежыя гуркі проста з ляхі. А расейскі мастак Саўрасаў, памятаеце, ваша вялікасць, той, што намаляваў гракоў, якія прыляцелі, амаль нічога не еў, а толькі піў гарэлку і закусваў яе журавінамі…
– Кажуць, у нашай краіне гракі ўжо не лётаюць у вырай, – перапыніў гастранамічную тыраду кароль.
– Я таксама заўважыў, – пагадзіўся пісьменнік.
– І чым гэта тлумачаць? – У голасе ў караля нечакана прарэзалася сталёвая нотка.
– Думка арнітолагаў мне невядомая, – унікліва адказаў пісьменнік. Краем вока ён скасавурыўся на жанчыну і змеціў, што тая наструнена ловіць размову з усімі яе неспадзяванымі адценнямі і паваротамі.
– Пры чым тут арнітолагі! – уквелена тузануўся ў крэсле кароль. – Я хачу ведаць, чым гэта тлумачаць у вашым асяроддзі.
– Вы мяне крыху здзіўляеце, ваша вялікасць…
– Можаш не адказваць. Я выдатна ведаю гэтую показку. Гракі баяцца, што іх саб’юць на мяжы з зенітак альбо не пусцяць назад, калі яны будуць ляцець з выраю.
– Ваша вялікасць…
– Ну што, ваша пісьменніцкая мосць? Я ўзнагароджваю цябе найвышэйшым ордэнам дзяржавы, а ты круцішся як уюн на патэльні!
Ад шчокаў жаравалосай прыгажуні адхлынула кроў, і вострае пісьменнікава вока імгненна адзначыла гэта. Верагодны кавалер ордэна Белай Мышы з’еў чарнаслівіну, каўтануў віна і загаварыў:
– У мяне ёсць чатыры правілы: не верыць, не баяцца, не прасіць і не дзячыць.
Кароль засяроджана жаваў. Было такое ўражанне, што разам з кавалкам бараніны ён хоча перажаваць і сваю ўквеленасць. І сапраўды, праглынуўшы мяса і запіўшы яго бургундскім, манарх загаварыў амаль зычліва:
– Мы, каралі – вынятак з правілаў. пісьменнікі, спадзяюся, таксама. А правілы, мой дарагі, бываюць і ў каралёў. Я, да прыкладу, мог узнагародзіць самога сябе, ды гэта не ў маіх правілах. Рэкамендую келіх бажале.
– З прыемнасцю… Але факт застаецца фактам: я не маю ніводнага чытача і ад гэтага нікуды не схаваешся.
– А ў мяне няма ніводнага падданага.
– Гэта не адно і тое ж. Вы, ваша вялікасць, можаце выдаць указ і прызначыць сваімі падданымі ўсіх жыхароў краіны, апрача дыпламатычнага корпусу.
– Паслухай, пісьменнік… – Ад віна, сытнай