– Вы сапраўды верыце ў Божую кару? – ляніва запыталася Багута, дэманстратыўна запаліўшы тонкую цыгарэтку ў касцяным муштуку. Яна ведала, як шалеюць ад такога відовішча старасвецкія паны, і манерна выдыхнула ў бок гаспадара струмень дыму, быццам насылала сурокі. Граф нібыта не заўважыў абуральных паводзінаў госці.
– Вось чым адрозніваецца сапраўды чалавек ад жывёлы – дык тым, што акрамя звера, у ім жыве і Бог. Але мы даем волю зверу, і Бог пакідае нас.
Ад таго, як граф гэта сказаў, Багуце стала непамысна. Гэта прагучала, як быццам чалавек паведаміў, што ў яго апошняя стадыя раку.
– Ну тады я ўвогуле не разумею вашай філасофіі, – Ніхель адкінуўся на зэдліку. – Да ўсяго вы яшчэ і забабонны чалавек. Але ж вы не будзеце адмаўляць, што прырода – гэта ланцуг стрававання, дзе ўсе ядуць адзін аднаго без усялякіх сантыментаў?
Граф нахмурыўся.
– А вы ўжо вырашылі, што я гатовы садзіцца за стол з дзікімі мядзведзямі? Я не толькі вучоны, але і паляўнічы. І без сантыментаў падстрэльваю трапяткую кранальную казулю, калі трэба карміць экспедыцыю, і гордага тыгра, на якога напароўся ў джунглях. Мне было восем гадоў, калі маю маці за тры вярсты адсюль, на дарозе, задзерлі ваўкі.
Госці агаломшана замёрлі, Багута ледзь не ўпусціла цыгарэту.
– Тады бацька прызначыў узнагароду ў дваццаць рублёў за кожную галаву ваўка ці ваўчаняці. З таго часу ў гэтых лясах драпежнікаў няма. Акрамя людзей, вядома. А да іх мне, прабачце, ніякай справы.
Вось яно што, дзіцячая траўма… Таму й такі дзіўны характар. Багуслава ледзь не пасміхнулася.
– Я разумею вашую нелюбоў да гэтых мясцін. Але ваш продак, сябар таварыства філарэтаў, не быў такі абыякавы да лёсу краю, – з абвінавачваннем у голасе заявіў Калоцкі. – Няўжо вам абыходзіць, што цэлы народ жыве, пазбаўлены асветы, без права на друкаванае слова і адукацыю на роднай мове, проста на тое, каб заставацца самім сабой? Няўжо вас больш хвалююць праблемы шымпанзэ Танзаніі?
Аблічча Каганецкага пацямнела.
– Вось толькі не трэба ўпікаць мяне абыякавасцю да беднага гаротнага народу і роднага куточка. Сумленне маё ўздумалі абуджаць? Тое, што я жыву не тут, прыязджаючы раз на год, не мой выбар, і абумоўлена дастаткова важкімі прычынамі. На жыццё сабе зарабляю лекцыямі, публікацыямі і здабычай рэдкіх звяроў для звярынцаў. Мая нябожчыца-мачыха, якая кіравала гаспадаркай пасля смерці бацькі, упэўнены, не прыгнятала нашых нешматлікіх арандатараў. Яе брат, доктар, якога я пакінуў усім тут распараджацца, таксама чалавек адукаваны, спагадлівы. Даходы ад нашых уладанняў у Жухавічах і Пагневічах збольшага ідуць на ўтрыманне ягонай бальніцы. Я нікому тут нічога не павінны. І пасля смерці пані