– Глядзі, там далей, злева, Хорс! Далібог, выява Хорса! – Давыд саскочыў з брычкі і, паперхваючы, пашкандыбаў да чарговага рарытэту, на гэты раз драўлянага – пачарнелы патрэсканы слуп з падабенствам конскай морды наверсе. Міхал Калоцкі, кусаючы ад нецярпення пульхныя вусны, падагнаў за сябруком гнядога каня, цярплівага і панылага, якім толькі і можа быць бяспраўны найміт, што бясконца мяняе часовых гаспадароў. Студэнты разглядалі злавесны слуп, быццам наведнікі Мулен Руж красуньку, якая танцуе канкан. Як жа нязручна мець справу з энтузіястамі!
За спінай апошні раз бразнулі вароты. Багута азірнулася: слуга, старанна зачыніўшы ўсе засаўкі, ішоў пругкай размашыстай хадой, трохі пакульгваючы, услед за гасцямі, а за спінай яго – далібог – тырчэла стрэльба… Дзяўчына абмянялася позіркам з Ніхелем: спрактыкаваны стары ваяр таксама заўважыў патэнцыйную небяспеку. Такое правіла: у любым месцы, самым сяброўскім, прыкмячай, хто можа табе стаць супернікам у бойцы.
Вецер кінуў у твары па прыгаршчы халодных кропляў, Ніхель прыспешыў Калоцкага, той прыспешыў каня, і дом з век непатрэбнымі рэвалюцыйнай справе скарбамі пачаў набліжацца. Багуце карцела выхапіць у медзведзяватага Калоцкага лейцы, развярнуць брычку ды намётам – назад, да брукаваных вулак, пякарняў ды свежых газетаў.
Зноў сыпануў дробны дожджык, ад якога хацелася адмахнуцца, як ад машкаты. Дом быў выкладзены так званай разынкавай кладкай: паміж шэрых камянёў у расчынні цямнелі дробныя каменьчыкі, як разынкі. Вузкія вокны з аблезлымі драўлянымі рамамі, калісьці фарбаванымі ў белы колер, зялёна-шэрая, як спіна пракаветнай чарапахі, чарапіца на даху і навесе над ганкам, які абапіраўся на дзве нязграбныя калоны. Над уваходам мацаваўся высечаны з мармуру герб: падзеленае на дзве часткі поле шчыта, у левай частцы – рука ў рыцарскай пальчатцы трымае меч, у правай – прадказальна – ашчэраная ваўчыная пыса са смешна высалапленым языком, быццам геральдычны звер падрыхтаваўся лізаць цукровага пеўніка на палачцы.
Змяшанае з апошнімі промнямі дня святло ліхтара, павешанага на жалезны крук злева ад дзвярэй, нагадвала, што вось-вось сцямнее. Другі такі ж ліхтар свяціўся на доўгай прыбудове злева ад дома – стайні былі разлічаныя на некалькі дзясяткаў коней. Але ў рудой траве і гразі малавата слядоў калёс і капытоў. Ніхто не спяшаўся і сустракаць прыезджых, якія разгублена тапталіся перад ганкам, дом здаваўся мёртвым, бы леташняя павута.
Між тым наблізіўся кульгавы слуга, які ўпускаў прыхадняў у маёнтак. Пры больш пільным паглядзе ён нагадваў не лёкая, а ляснічага: абветраны смуглявы твар, якому ўмяціна злева на пераноссі дадае ваяўнічасці, хада і пастава чалавека, што часта вандруе пешкі і звык да небяспекі.
– Коней