Качан наліўся жоўцю, дробныя тупыя вушкі пачырванелі. Сітуацыя вымагала неадкладнага адлупу. Старшыня райвыканкама рашуча падняўся і браненосна паплыў праз натоўп, пракладаючы дарогу локцямі і жыватом. Манда Іванаўна сунулася следам і выбачалася:
– Вы ж самі ўсё бачыце… Прадаўся і адпрацоўвае!..
Народ індэферэнтна саступаў дарогу начальству, дэманструючы паказальную недатычнасць да скандалу.
Але дабрацца да злоснага адраджэнца не атрымалася…
Асляпляльны зігзаг маланкі прымусіў усіх на імгненне заплюшчыць вочы. З ясных нябёсаў пагрозліва грымнула, зямля пад нагамі мякка і важка здрыганулася. Гарачае паветра ляснула па спатнелых тварах цяжкой аплявухай. Дробна закалацілася недапітая гарэлка на сталах. Са шчарбатых муроў каралеўскага замка зашаргацелі каменьчыкі.
Агаломшаныя таргачоўцы сінхронна залупілі бельмы ўгару. Па небасхіле распаленым ядром каціўся вялізны агністы шар у доўгім дымным шлейфе. Ён на секунду быў затрымаўся па-над маштамі ЛЭП, пырснуў жарынкамі і паволі скаціўся за Дняпро, ва ўсходнюю дрыгву.
Адбылося маўчанне…
Першай апрытомнела малалетка Лаліта.
– Упс! Бэтмэн! – пляснула ў далоні капітанская дачка.
Манда Іванаўна разгублена паправіла заколку ў шасцімесячным перманенце. – А можа, які Тунгускі метэарыт? – няпэўна дапусціла яна. – Ці НЛА з зялёнымі чалавечкамі… Браты па розуме!
– Гэта быў Гастэла! Ён вярнуўся, каб нарэшце парадак навесці! – запэўніў лядашчы ветэран з вертухайскімі медалямі, закаціў вочы пад лоб і пранікнёна зацягнуў: – «А на левай грудзі профіль Ста-аліна…»
– А мне здаецца, гэта натаўскі спадарожнік-шпегун, – Качан прыўзняўся на дыбачкі, выглядаючы ў натоўпе зніклага адраджэнца Скіргайлу. – Вось і па цілявізары неяк перадавалі, што ў іх у Пентагоне выведка надта добра пастаўлена. Зараз сігналізую, куды трэба, – старшыня выканкама выцягнуў мабільнік.
Да грамады падцягнуся моцна паддаты капітан Капейкін. Яго бляклыя вочкі ззялі пераможнай сувораўскай шызафрэнічнасцю.
– Ты што, Пятровіч, недапіў ці перапрацаваў? – расейскі вайсковец узяўся круціць гузік на пінжаку местачковага начальніка. – Наша агульная радзіма нас тут і паставіла, каб вас, браткоў-беларусцаў, ад Еўропы ратаваць. Куля дура, штых маладзец, і ўсім цэ-рэ-вушнікам… самі ведаеце што! Бля буду, слова рускага афіцэра даю!..
Кабанчык у сядзібе спалохана сцішыўся. Распараная Манда Іванаўна абмахнулася газеткай. Малалетка Лаліта храбуснула чыпсамі і зацікаўлена паглядзела на піва. Старшыня выканкама пахмурна маўчаў. Дымны след у сініх нябёсах спараджаў у яго розныя думкі, і галоўнай была такая: зрыў вайскова-патрыятычнага мерапрыемства не мог стацца выпадковым.
Адраджэнская футболка ўжо лунала паміж аблушчаных калонаў Дома Культуры. Аўтар экстрэмісцкіх вершыкаў відавочна спадзяваўся пазбегнуць адказнасці.
– Сёння ён нацыяналістычныя вершы чытае, заўтра ў фантан насерыць, а паслязаўтра сюды