Частка першая. Фетышыст
1
Па-над чорнымі водамі варушылася шэрая пара. З бяздоннай дрыгвы ўзнімаліся бліскучыя бурбалкі. На дрымотных купінах млява квахталі жабы. Безнадзейна родны ландшафт, напэўна, прымусіў бы сціснуцца сэрца кожнага лірыка, выхаванага на рыфмах «шыпшына», «дзяўчына» і «Айчына»…
– «Альтанка», «шклянка» і «партызанка», – прамэкала ад гушчару, і на балотнае выспе брутальна зацвердзіўся рагаты цень.
Зашархацелі хмызы, між карункавай папараці інтымна бліснулі ладныя лыткі ў клятчастых калготках. У балотнай вадзе адбіўся вытанчаны жаночы профіль.
– Што паробіш… Беларусь – край паэтаў! – працурчэў зманлівы, бы ў русалкі, голас.
– Усе паэты – ідыёты! – рагаты па-хабёльску атабарыўся на валуне, формай і памерамі падобным да трона. – Толькі глянь, Прашмандоўка, чым яны тут натхняюцца…
За балотнымі міражамі праяўлялася панарама паўсоннага Таргачова. Аўтаномныя вокны мігцелі вугельчыкамі кінутага вогнішча. Аплылыя валы з рамантычнымі руінамі часоў каралевы Боны нагадвалі пра былую веліч краю. Пад адхонам манатонна шаргацеў Дняпро, і хвалі тонкім накатам шліфавалі пясчаны бераг. – Я агентка, а не эстэтка, – Прашмандоўка сузірала краявід з казённай адчужанасцю. – Хочаш сказаць, нібыта ў такім занядбаным мястэчку можа перахоўвацца суперзброя, якая дае ўладу над Сусветам? Але ж існуе некалькі…
– Падробкі, – голас рагатага прагучаў ціха і небяспечна, нібы палёт кажана. – Падробкі, выштукаваныя па замове сярэднявечных ідэолагаў. А праўдзівую суперзброю апошні раз бачылі тут, у Таргачове. Гэта дакладна.
Цяпер панначка ў клятчастых калготках вывучала краявід, нібы заўсёдніца элітнага касметычнага салона – новую візажыстку. У халодных сініх вачах адбіліся таргачоўскія дамкі, гаражы з крадзенай бляхі, парфенон раённага Дома Культуры.
– І няўжо ніхто больш пра гэта не ведае? – Прашмандоўка недаверліва прыкусіла губу.
– Тутэйшы люд жыве адно на рэфлексах, а таму ніхто суперзброю тут нават і не шукаў.
– Але ж, такім, як мы, да святыняў не падступіцца! Бог не цяля, бачыць круцяля! – Я ўсё разлічыў, – з інтанацыямі прафесійнага палітолага мэкнуў рагаты. – Пан Бог, якому звычайна напляваць на пакуты гэтага занядбанага народу, зрэдку бывае літасцівы і пасылае сюды паэтаў. Але ж гэтыя ідыёты могуць існаваць адно ў хвараватых прыдумках, з адпаведнымі рытуаламі,