– Змова і зброя, – абрэз паволі апусціўся ў кішэню плашча. – Талерантнасць і памяркоўнасць… І чым жа, цікава, усё гэта скончыцца?
Вершнік пільна ўгледзеўся ў жоўты местачковы міраж за балотам і ласкава пасміхнуўся:
– А калі па рогах?..
2
—..жны ці!.. кога шчэ ыло веце!.. – стэрэафанічнае рэха пругка адбівалася ад старажытных замкавых муроў і шыфравала словы, што гарохам сыпаліся з бляшанага рэпрадуктара. – …ігу рода ыць ах!..
Сухія галінкі грыфельна раскрэслівалі чыстае травеньскае неба. Памаранчавае сонейка плёскалася ў срэбных калюжынах. Манументальная спаруда, укрытая белым прасцірадлам, міжволі вабіла зрок таргачоўцаў, сабраных на замчышчы з нагоды святкавання Перамогі. Меланхалійная абыякавасць твараў абсалютна не адпавядала тэзісам:
– … кожны трэці! … такога яшчэ не было ў свеце!.. подзвігу народа жыць у вяках!..
Старшыня таргачоўскага выканкама Качан, немалады мужчына з дробнымі тупымі вушкамі, спрактыкавана гнаў тэкст у мікрафон. Рэпрадуктар паслухмяна азываўся гудкім вакзальным рэхам, кідаючы ў паветра зліплыя словы:
– …ля сых ашых едзяў та ўдная ба!..
Пры фразе «Для ўсіх нашых суседзяў гэта сапраўдная бомба!» лядашчы ветэран, што стаяў каля загадкавай спаруды, блямкнуў медалямі медна-нікелевага сплаву і голасам камандзіра расстрэльнага ўзвода скамандаваў:
– З Богам!..
Прасцірадла надзьмулася пухіром і спаўзло паволі. Прысутныя адно захаўкалі.
– Ні х-х-храна сабе… – прамовіў нехта тупа.
З басейна, абліцаванага блакітнай сантэхнічнай кафляй, тырчэў магутны п’едэстал. На ім высілася сапраўдная пяцісоткілаграмовая авіябомба. Пёркі стабілізатара выторкваліся інфернальнымі рожкамі. Надпіс «За Беларусь!» на жахлівым боепрыпасе ззяў свежым лакам. Двое бетановых эсэсаўцаў, тыповыя Фрыц з Гансам, ваяўніча цэлілі са шмайсераў у пратакольны лозунг. Кампазіцыю давяршала масянджовая шыльда, якая тлумачыла недасведчаным: такая ж самая бомба была на борце самалёта Мікалая Францавіча Гастэлы «ТБ-3ф» падчас апошняга гераічнага вылету.
– Наш раённы аддзел культуры заўсёды змагаўся за духоўнасць і культуру ў нашым раёне, – засведчыла Манда Іванаўна, мажная цётка ў аксамітнай спадніцы з нашытымі ружамі. – Усе ж такі Мікалай Гастэла – амаль наш зямляк, яго дзеда хрысцілі ў тутэйшым касцёле… Подзвіг народа несмяротны!
– Хацелі які танк ці самалёт паставіць, дык грошай не хапіла. Каб не шэфская дапамога нашых славянскіх братоў з вайсковай базы «Волга-Волга» – не было б у нашай сінявокай Беларусі гэтай бомбы… – старшыня райвыканкама Качан задуменна пачухаў патыліцу і пасунуўся з трыбуны, дэманструючы прысутным дупу, сплясканую старшынёўскім фатэлем. – Што б там некаторыя не гаварылі, а без Расіі нам не жыць!
Цыцкастая малалетка з пірсінгам у пупе абсмактала бомбу хцівым позіркам, пасля чаго яшчэ больш непрыстойна аблізала вусны.
– Ваў!