Гланды выглядалі здаровымі. Дэталёвы агляд ручак і ножак не выявіў аніякіх паталогій. Рэфлексы цалкам адпавядалі ўзросту. Немаўля адно загадкава пасміхалася і цягнула ручкі да нікіляванага стэтаскопа. Старыя напружана маўчалі; на іх тварах чыталася непахісная вера ва ўсемагутнасць медыцыны.
– Скажыце, а вось казлы… яны на шаленства хварэюць? – драўляна запытаўся Талаш.
– А то! Асабліва, як нашыя.
– Баюся, яго адзін быдляк пагрыз, – Талашыха скрушна шморгнула носам.
– Можа, здымак што пакажа, – абнадзеіла доктарка і неразборліва запоўніла бланк. – Пайшлі…
Кабінет флюраграфіі поўніўся электрычным гудзеннем і шчоўканнем рэле.
Рэнтгенолаг спрактыкавана заправіў у рамку касету. Адсунуўся грувасткі штатыў, халодна бліснула матавая плоскасць экрана.
– Пацярпі, дзіцятка! – Талашыха асцярожна паставіла пуцаценькага на высокую платформу. – Бог жабраваў – і нам казаў!
Немаўля з разуменнем паглядзела на старую і паслухмяна прыціснулася да шкла. Рэнтгенолаг шчоўкнуў тумблерам…
Раптам усярэдзіне апарата мярзотна заскавытала, нібы хтосьці з усяе моцы правёў тупой пілкай па шыферы. Празрыстая амбулаторная шафа жалобна ценькнула. Пад столлю пагрозліва зашкварчэлі стрыжні люмінісцэнтных лямп. Штатыў рэнтгенапарата таргануўся, заскрыгатаў і знерухомеў.
Талашыха палахліва падхапіла немаўля і захутала ў бліскучую плюшавую душагрэйку
– Ой, матухна! – трагічна прашамкала яна. – І што ж гэта такое робіцца?!
Цяжка рыпнулі абабітыя свінцом дзверы, і разношаныя кеды старэчы трывожна зачвякалі па калідоры.
На алейках бальнічнага сада калыхаліся сонечныя плямы. Каля паркана палілі спарахнелае леташняе лісце, і паўпразрысты дым метафізічна размываў краявід. Ветэранскі матацыкл самотна чарнеў пад каштанам. Дзед Талаш засяроджана паліў «казіную ножку» і слухаў доктарку.
– Дзеткі – наша будучыня, – запэўніла яна. – А будучыня – гэта святое!
– Ва ўсіх дзеткі, як дзеткі, – далікатна далучылася да размовы Талашыха. – А што людзі пра нашага падумаюць? Навошта яму тыя пёркі на ранках?
– Паслухай, што чалавек кажа, – ветэран дапамог старой з дзіцёнкам уладкавацца ў люльцы. – Тут адзін вельмі моцны вядзьмак ёсць. Акурат па дарозе да Таргачова.
– Надта дасведчаны ў сваёй справе! – залатыя акуляры доктаркі змоўніцкі заблішчэлі. – Усё лечыць, ад запою да гемарою. Сурокі здымае. Будучыню прадказвае. Да яго нават з Акадэміі навук прыязджаюць!
– Калі не дапаможа, то і не зашкодзіць! – вынесла прысуд Талашыха. – Паехалі!
Сіні лес абапал шашы акрэсліваў прастору. У сініх нябёсах спявалі нябачныя жаўрукі. На галаве былога партызана лапатаў незашпілены танкісцкі шалом. Талашыха маркотна, бы тая Мадона, прыціскала да сябе немаўля.
Знянацку пуцаценькі