На замкавы зубец лёг выразна акрэслены цень. Адраджэнец, па-ранейшаму стоячы рачкі, асцярожна скасавурыўся на сухенькага дзядка са срэбнай барадой. Доўгі барвовы плашч прыкрываў кволую постаць. Вытанчаная рука ўпэўнена сціскала высокі посах. Залаты пярсцёнак мігцеў у цемры чароўнай знічкай.
– Месір, пэўна, забыўся, што горад Святога Пятра насяляюць не толькі грэшныя сін’ярыты і Боскія служкі, – аўтарытэтна абверг стары. – Не перавяліся яшчэ і высакародныя адраджэнцы!
– А нягож, не! – паспрабаваў уклініцца ў дыспут Скіргайла, але трапны ўдар па дупе прымусіў яго зноў стаць рачкі.
– Большасць высакародных адраджэнцаў сканала ў вендэтах, – у голасе аркебузера напяліся і зазвінелі драматычныя струны. – Ацалелыя прафукалі свой Рэнесанс за спрэчкамі і п’янкамі. А тыя адраджэнцы, каторыя могуць яшчэ пахваліцца рэшткамі розуму, паводзяць сабе нават горш за грэшных сін’ярытаў. З тае прычыны нашым краем і апанавала рагатае быдла… Але ж адкуль яго столькі бярэцца?!
– Быдлам не нараджаюцца, а становяцца, – са стомленай посмешкай патлумачыў срэбнабароды. – Але ж быдлізацыя людзей адбываецца неверагодна хутка. Як толькі чалавек перастае самастойна думаць, у яго неадкладна адрастаюць рогі, а мозг адпаведна змяншаецца ў аб’ёме. Неўзабаве рагаты існуе адно на рэфлексах, а таму перастае ўсведамляць гісторыю, культуру, мастацтва, паэзію, адукацыю, пісьменнасць і нават гігіену. Мова яму таксама непатрэбная; дастаткова выклічнікаў, жэстаў і мацюгоў. Праз пэўны час быдла збіваецца ў статак, каб мэкаць ва ўнісон і грызці агульныя ночвы. Але ж кожны рагаты статак рана ці позна ўпадабае Казёл і павядзе яго ў пекла…
– І такіх – цэлы народ! – пыхліва нагадаў маладзён у ядвабным камзоле.
Скіргайла салідарна залыпаў рахманымі, бы ў цяляці, вачыма; маўляў, і з нашым тупарылым быдлячым народам Казла ніколі не зрынуць! Аднак выказаць рэспект і ўважуху не выпадала: аркебузная руля прыціскала адраджэнскую спіну, бы тая чыгуначная рэйка.
– Але хто сказаў, што народ заўжды мае рацыю? – ласкава запярэчыў дзядок.
– Усе так кажуць! Вось і некаторыя адраджэнцы…
– Калі Збаўца ўязджаў у Іерусалім, народ радасна вітаў яго пальмавымі галінкамі. Неўзабаве той жа самы народ лямантаваў «Укрыжуй Яго!» На быдлярства можа захварэць хто заўгодна… Нават цэлы народ! Але і ад гэтай хваробы можна і варта пазбавіцца. Трэба толькі навучыцца думаць і паважаць саміх сябе. І калі самае зацятае быдла нарэшце ўсвядоміць сябе людзьмі, то неадкладна скіне рогі і вырачацца свайго казла…
– Як той казаў, раней каменны анёл Сан-Анджэла ўздымецца ў нябёсы, чым мы дажывем да гэтай светлай часіны! – скептычна азваўся аркебузер у ядвабным камзоле.
Тым часам штурм жаноцкага кляштара працягваўся. Фацат у нялюдскім шаломе дасягнуў другога паверха, з асалодай высадзіў вітраж і пераможна