Адам Гурыновіч (1869–1894) рана, яшчэ ў студэнцкія гады, падчас вучобы ў Пецярбургу, далучыўся да беларушчыны, пачаў збіраць фальклор, складаць вершы па-беларуску Пісаў на трох мовах: рускай, беларускай, польскай. Спачатку пісаў на беларускай мове пракламацыйныя вершы ярка выражанага агітацыйнага зместу, потым з-пад яго пяра з’явіліся творы філасофскія, лірычныя, песенна-народнага складу, самабытныя і змястоўныя (“Што ты спіш, мужычок…”, “Перш душылі паны…”, “Што за звук ды так громка раздаўся…”, “Сцямнела на дворы і ціха кругом…”, “Да жніва”, “Раз у Зольках, у дзярэўні…” і інш.).
Глянь! Іны мужыкі
Уставаць пачалі.
Што я? хто за такі? —
Раздумываць сталі:
Ці я звер? Ці я птах?..
Ці я скаціна?
Ці ж здаецца мне так,
Што людска дзяціна?
Адам Гурыновіч
А. Гурыновіч раскрываў нялёгкія шляхі беларускага народа да самапазнання, марыў аб сацыяльнай і духоўнай незалежнасці беларусаў.
З марай пра лепшую долю народа, з надзеяй на светлую будучыню заканчвалася ХІХ стагоддзе.
1. Калі сфарміраваўся рэалізм як асноўны напрамак у літаратуры?
2. Што ўваходзіць у паняцці “рэалізм”, “рамантызм”?
3. Назавіце творы рэалістычнага кірунку ў беларускай літаратуры.
4. Чаму Ф. Багушэвіча можна назваць заснавальнікам крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры?
5. У чым вы бачыце адметнасць біяграфіі пісьменніцы Элізы Ажэшкі?
6. Якія асноўныя рысы беларускага нацыянальнага характару знайшлі адлюстраванне ў аповесці Э. Ажэшкі “Хам”?
7. Асоба К. Каліноўскага ў беларускай гісторыі.
8. Якія асноўныя тэмы, ідэі, вобразы паэзіі Я. Лучыны?
Шляхі развіцця беларускай літаратуры першай паловы ХХ ст.
Беларускае друкаванае слова: “Наша доля” і “Наша ніва”
Пачатак новага стагоддзя для развіцця беларускай літаратуры бы п у многім спрыяльным. Дзякуючы творчасці пісьменнікаў-дэмакратаў у беларускай літаратуры набірала сілу грамадзянская лірыка. Паступова выкрышталізоўваліся характэрныя рысы беларускай літаратуры: дэмакратызм і рэалістычны змест, крытычны пафас, імкненне да філасофскага паглыблення. Беларускі народ адкрываўся свету, выяўляліся адметныя рысы нацыянальнага характару. ХХ стагоддзе несла беларускай літаратуры новыя падзеі і новыя расчараванні. На рэвалюцыйнай хвалі ажыўлялася нацыянальна-культурнае жыццё беларусаў.
У Мінску пачала выходзіць газета “Северо-западный край” (1902–1905), у якой дэбютаваў першым вершам на беларускай мове Янка Купала. Пад уплывам рэвалюцыйнага абуджэння 1905–1907 гг. была знята забарона з друкаванага беларускага слова. Беларуская літаратура станавілася