Бывай здаровы, мужыцкі народзе!
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе
I часам спамяні пра Яську свайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
Вобраз К. Каліноўскага жывіў і жывіць творчасць многіх беларускіх пісьменнікаў.
Працяг дэмакратычных традыцый
Напрыканцы XIX ст. беларуская літаратура развівалася ў розных кірунках, хоць умовы для яе развіцця былі далёка не спрыяльнымі, бо амаль зусім адсутнічаў беларускі друк. Часта, каб быць надрукаваным, беларускі верш выдаваўся за балгарскі ці яшчэ чый-небудзь. Так у 1903 г. у Пецярбургу выйшаў у свет пасля смерці Янкі Лучыны яго зборнік “Вязанка”. Па-ранейшаму з’яўляліся творы бытапісальнага зместу (А. Пшчолкі, В. Арлоўскага), дэмакратычную традыцыю прадаўжалі Альгерд Абуховіч, Фелікс Тапчэўскі, Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Янка Лучына, Адам Гурыновіч.
Янка Лучына (Іван Люцыянавіч Неслухоўскі, 1851–1897) нарадзіўся ў Мінску ў сям’і адваката. Пасля заканчэння Мінскай гімназіі вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, спачатку на матэматычнам факультэце ўніверсітэта (адзін год), пазней закончыў тэхналагічны інстытут. Служыў начальнікам чыгуначных майстэрняў у Тыфлісе, там пазнаёміўся з М. Горкім, які пры выпадковых сустрэчах з агульнымі знаёмымі часта распытваў пра лёс паэта, неаднойчы падкрэсліваючы, што “асабіста ведаў яго”.
У 1886 г. Я. Лучына, прыехаўшы ў Мінск наведаць радню, цяжка захварэў, быў паралізаваны, але пераадолеў хваробу і “з двума кійкамі мог хадзіць”. Хвароба якраз і актывізавала адчуванні, думкі паэта, абудзіла яго ўражанні ад вялікага свету.
Я. Лучына пачаў літаратурную творчасць, калі яму споўнілася 35 гадоў, пісаў, асабліва не разлічваючы на шырокую вядомасць сярод чытачоў ці на асобнае месца ў літаратуры, але стаў адным з першых прафесійных пісьменнікаў на Беларусі. Пачынаў пісаць па-руску, надрукаваўшы ў газеце “Минский листок” верш “Не ради славы иль расчета” (1886), пісаў таксама на польскай і беларускай мовах. Паэт жыў увесь час у горадзе, але ў творах сваіх расказваў пра вёску.
Янка Лучына
Я. Лучына актыўна працаваў у літаратуры на працягу 1886–1890 гг., але ўбачыць шматлікія свае творы надрукаванымі пры жыцці яму ўдавалася не часта. Адразу пасля смерці паэта выйшаў томік яго вершаў на польскай мове ў Варшаве (“Poezye”), аповесць “Верачка” была выдадзена на рускай мове ў Маскве ў 1900 г. Да нас дайшоў зборнік вершаў на беларускай мове “Вязанка” пад псеўданімам Янка Лучына. Кніга выйшла ў 1903 г. у Пецярбургу. Я. Лучына вядомы і як публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч.
Зборнік вершаў Янкі Лучыны “Вязанка” адкрываецца перакладам твора У. Сыракомлі “Не я пяю – народ божы”. Па сутнасці, гэта творчая пазіцыя самога мастака слова, які хацеў падслухаць і перадаць сялянскія “спевы душы”. У той час увесь парэформенны Мінск нібыта павярнуўся “тварам” да народа, як бы захацеў зразумець