– Добры вечар тому, хто ў гэтым у дому.
Мы самі з сабою, з дзецьмі і з жаною.
Сталы засцілаем, Каляды спраўляем…
Старыя слухалі, стаіўшы дыханне. А бабуля, не вытрымаўшы, гэтак расчулілася, што нават пусціла па шчацэ слязіну. Бо шчырасць завіталых да іх аднавяскоўцаў-калядоўшчыкаў узрушыла да глыбіні душы, іх галасы зачароўвалі, а на пераапранутых у святочных персанажаў дзяцей немагчыма было глядзець без замілавання. Дзед жа, гаспадар той хаты, нават не дачакаўшыся танцаў «козкі», быў гатовы ўсіх асыпаць пачастункамі. А калі тая яшчэ і сваё заліхвацкае майстэрства выявіла, то не мог спыніцца ў пахвале, а потым нават і на калена апусціўся, каб абняць яе.
У кожную хату яны, зразумела, не заходзілі. Бо так і да раніцы не абышлі б усіх. З большага, завітвалі да тых, хто быў з дзецьмі ці жыў самотна і насамрэч меў у тым патрэбу, каму варта было ўзняць настрой. Зачыняць перад калядоўшчыкамі дзверы было нельга, бо так можна было наклікаць бяду і на дом, і на гаспадарку. І па пэўным часе нават запаснога механошу давялося падключаць, бо першаму ўжо і цяжка несці было – столькі тых «падзяк» надавалі. Пад канец вёскі ўсе былі добра стомленыя і з поўнымі мяхамі. Але, нягледзячы на тую стому, ва ўсіх быў святочны бадзёры настрой. Калядоўшчыкі неслі радасць людзям і ў адказ атрымлівалі такі зарад станоўчых эмоцый, што, каб не позні час, калядавалі б і яшчэ. Ды і без таго назбіралі на ўсіх артыстаў з лішкам. Прытым, яны не толькі прымалі пачастункі. Так, у адной з хат жыла ўдава з трыма дзеткамі. Калядоўшчыкі не толькі зладзілі цэлае прадстаўленне для іх, а яшчэ і пабавіліся з малымі, павадзілі з імі карагод, а пад канец і самі абдарылі дзятву падарункамі. Павінна ж быць свята ва ўсіх у такі ўрачысты час. На Раство ўсе чакаюць цудаў. І часам яны здараюцца…
Ходзім па дварах з песняй-Калядой,
Носім у руках зорку талакой.
Дзед вядзе казу, знаную ласу,
За яе красу дай ёй кілбасу.
Козку паважай – будзе ўраджай.
Грай, музыка, грай, будзе ў хаце рай.
Дайце мядзведзю сала ці куццю,
Каб ён дом бярог ды ўсю сям’ю.
Дай буслу пірог, каб пад’есці мог,
Ён гаспадарам з дзецьмі дапамог.
Дзеду са старой сыпце мех з гарой,
Каб мінала вас горайка з бядой.
Дай вам Бог пражыць аж да ста гадоў,
Каб у хаце ў вас кожны быў здароў.
Заспявалі мы вам калядачкі,
Дайце ж можа нам, хоць аладачкі[2]
Вяртанне ў каралеўства
Па калядным шэсці ўсе дзеці атрымалі ласункі. Асабліва прысмакаў дасталася «козачцы», якая больш за ўсіх працавала. А з іншага здабытку збіраліся зрабіць агульны стол для ўсіх калядоўшчыкаў. Янка з Міланай ісці не планавалі, хоць дзеці там таксама будуць. Яны добра стаміліся і хацелі адпачынку. Ведаючы па мінулых гадах, святочнае застолле працягнецца хіба не да раніцы – гуляць