Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд. Алег Грушэцкі. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Алег Грушэцкі
Издательство: Четыре четверти
Серия:
Жанр произведения:
Год издания: 2023
isbn: 978-985-581-632-5
Скачать книгу
але іх «гвязда» ў параўнанні, нават з імі ўсімі разам узятымі, была сапраўдным мастацкім творам. А іх бабця мела неверагодны прыгожы ды гучны голас і заўсёды была галоўнай «запявалай», за ёй цягнуліся ўжо і ўсе астатнія. Уласна, ёй роля «бабы» і адводзілася. Адпаведна, яе стары быў «дзедам», чый вобраз увасабляў агульны вобраз продкаў. Менавіта ён узначальваў гурт калядоўшчыкаў і павінен быў весці «казу». На дзядулю быў апрануты стары кажух, які ўжо шмат бачыў, з такой жа паношанай шапкай, яшчэ ўскудлачаны парык і прымацаваная доўгая сівая барада.

      Галоўны збор быў на ўскрайку вёскі, адкуль і пачыналі хадзіць па хатах. Там ужо сабралася з дзясятак удзельнікаў, таксама святочна апранутых, і добрая колькасць дзяцей, якія чакалі на ўрачыстасць. Былі і «цыган» з «мядзведзем», яшчэ адна «козачка», «жаўнер» і нават «чорт». Механошам быў іх дзядзька, стрыечны брат бацькі, які жыў на суседняй вуліцы. Чакалі толькі музыкаў, куды ж без іх. Праз некалькі хвілін падцягнуліся і яны, нарэшце можна было пачынаць.

      Пасля вясёлых прывітанняў музыкі зайгралі і заспявалі. Зазвычай яны распачыналі з песні на Раство «Учора з вячора»:

      Учора з вячора засвяціла зора.

      Зора засвяціла, свет узвесяліла.

      Свет узвесяліўся: Хрыстос нарадзіўся.

      Хрыстова раджэнне людзям на збаўленне.

      Людзі, выбягайце, Хрыста прывітайце.

      Хрыста прывітайце, нам каляду дайце…

      Пасля чаго ўсе рушылі з бадзёрай песняй «Ой, дзе ж мы ходзім»:

      Ой, дзе ж мы ходзім, дзе пахаджуем.

      Коліда, коліда, коліда, коліда.

      Мы на гэты двор ды захаджуем.

      Коліда, коліда, коліда, коліда…

      З ёй яны ўжо і заходзілі на першы двор, што быў па дарозе. У драўлянай хаце жыла шматдзетная сям’я. Калядоўшчыкі толькі пачалі праходзіць праз веснічкі, не дайшлі нават да хаты, а дзеці ўжо гуртам высыпалі, як гарох на вуліцу, хто што паспеў начапіць, і весела віталі калядоўшчыкаў. Тым часам настаў час Міланы.

      – Го-го-го каза, го-го шэрая,

      Дзе рожкі дзела?

      – На соль праела.

      – Го-го-го, каза, го-го шэрая,

      Лезь, каза, на печ

      Пакажы чапец…

      Мілана скакала, не шкадуючы ног, як сапраўдная малая козачка. Ды з такім запалам, што і снег мог пад ёй растапіцца. Але песня скончылася, і яна ўпала на зямлю.

      – Вох, – заквохкаў стары, – натанчылася наша козачка, наскакалася, змарылася зусім. Ні жывая, ні мёртвая, ледзьве дыхае. Вой, што ж нам зрабіць, каб яна ачуняла? – пытаецца дзед у дзяцей.

      – Трэба падзьмуць на яе і пашкадаваць, – прапанаваў адзін з малых, потым падышоў да Міланы, прысеў да яе на кукішкі і пачаў дзьмуць ды гладзіць па кажуху.

      Дзядуля, гледзячы на гэта, з замілаваннем усміхнуўся.

      – Ну, можна і так. А што яшчэ, як вы думаеце?

      Малыя прызадумаліся, паглядаючы на яе задуменнымі вачыма, поўнымі спачування.

      – Трэба даць кавалак сала, каб каза ўстала, –