Сучасьнікі пакінулі сьведчаньні пра Альгерда як пра загартаванага ў паходах чалавека, які вёў суровы лад жыцьця, быў непераборлівы ў ежы і зусім не ўжываў хмельных напояў. Адзін з маскоўскіх летапісцаў даў нашаму гаспадару такую характарыстыку: «Ён не піў ні віна, ні піва, меў вялікі розум і падпарадкаваў шмат земляў. Свае паходы рыхтаваў скрытна, ваяваў не колькасцю ваяроў, а розумам і ўменьнем». За часы Альгерда Вялікае Княства стала яшчэ больш моцным палітычна і эканамічна, у гарадах краіны развіваўся гандаль і рамёствы; беларускае праваслаўе займела сваю мэтраполію; развіцьцё атрымала прабеларуская («руская» ці, другая назва, «літоўская») мова, літаратура і культура, наша мова выкарыстоўвалася ў якасьці дзяржаўнай. На прабеларускай пісаліся акты, граматы, статуты, рабіліся пераклады кніг.
Альгерд з прыхільнасьцю ставіўся да хрысьціян. Ён сам паставіў дзьве царквы ў Віцебску. Абедзьве ягоныя жонкі Марыя і Юліяна будавалі новыя хрысьціянскія храмы. Баярын Альгерда Гаштольд заснаваў колькі каталіцкіх касьцёлаў. У той час Вільня займела францысканскі кляштар. Але, нягледзячы на гэта, былі выпадкі, пакутаў за хрысьціянскую веру. Трое такіх пакутнікаў Ян, Антоній і Яўстахій праваслаўнай царквой абвешчаны сьвятымі. Паводле летапісаў, сам Вялікі Князь Альгерд незадоўга да сьмерці прыняў праваслаўную веру і быў пахаваны ў царкве Прасьвятой Багародзіцы ў Вільні.
У Альгерда было дванаццаць сыноў, у тым ліку Ягайла, Свідрыгайла і Скіргайла, – асобы, якія ў будучым адыграюць значную ролю ў гісторыі краіны, і дзевяць дачок.
Суперніцтва паміж Альгердавічамі за валоданьне віленскім тронам распачалося адразу пасьля сьмерці Вялікага князя ў 1377. Згодна з воляй Альгерда ў Вільні ўвакняжыўся яго старэйшы сын ад другога шлюбу – Ягайла. У апазыцыю да новага валадара стаў старэйшы сын ад першага шлюбу Андрэй Полацкі. Пасьля ад'езду ў Маскву Полацкага князя Андрэя, Ягайла перадае гэтую зямлю брату Скіргайлу. Але палачане не прымаюць стаўленіка Вільні. На працягу вясны – лета 1381 яны не дапускалі ў горад Скіргайлу, а пасьля прынялі бок Кейстута. Распачалася Грамадзянская вайна 1381—1384 за ўладу ў ВКЛ. Кейстут, які ваяваў на баку свайго сына Вітаўта, паланіў Ягайлу, і быў прызнаны Вялікім Князем Літоўскім (1381—82).
Бірута (1317? – 1382 або 1389). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932
Аднак, вызваліўшы Ягайлу, надоўга прымірыцца зь ім не ўдалося. У ходзе мірных перагавораў Кейстут з сынам Вітаўтам былі запалонены і перавезены ў радавы замак Ягайлы – Крэва і Ягайла пачаў помсту. Сярод прыхільнікаў Кейстута быў пакараны сьмерцю брат яго жонкі Відзімонт і шмат іншых баяр. А затым і самога старога Кейстута задушылі ў вежы Крэўскага замка па загаду Ягайлы. Вітаўт ацалеў толькі таму, што пры наведваньні яго жонкай Ганнай Смаленскай пераапрануўся ў адзеньне яе служанкі і ўцёк з затачэньня.
Вялікі Князь Літоўскі Вітаўт ззьбягаез Крэўскага замку 1382). Марка пошты Летувы, выдадзеная