– Дайце-тка зірнуць, – грандмайстра відавочна больш зацікавіла форма, чымся зьмест кнігаў. Ён хуценька прагартаў адную, памацаў і панюхаў старонкі. – Што за матарыял?
Каўрыт каротка расказаў пра паперу.
– Узбагачаная цэлюлёза? Адмысловае напыленьне для трываласьці? Цікава-цікава…
Слатэрэт паказаў Рэўбальду на торбу з кнігамі і аддаў загад на таемнай цэхавай гаворцы, якую кніжнікі выкарыстоўвалі міжсобку. Прыслужнік падхапіў торбу й сышоў.
– Чым яшчэ магу вам дапамагчы, фар Утальтат? На жаль, я маю ня так багата часу…
– Фар Экраск, як я ўжо апынуўся ў Кніжным цэху, дык, з вашага дазволу, быў бы рады пачытаць усё, што вы маеце пра рэлігіі Анкегу.
– Ня бачу жаднае перашкоды. Вам прынясуць паесьці, пакуль Рэўбальд зьбярэ патрэбныя кнігі. Можаце бавіць у гэтым пакоі столькі часу, колькі палічыце патрэбным.
Неўзабаве прынесьлі ежу, відавочна разьлічаную на іншаплянэтнікаў: ягадны рулет у паніроўцы й запечаны зь мёдам хвост яшчура. У пакоі стала адчувальна цяплей. Каўрыт з насалодаю прыклаў рукі да прагрэтае цэглы коміну.
Рэўбальд прыцягнуў стос кнігаў на вазку, калі ад хвасту на талерцы засталіся адно косткі й храсткі. Каўрыт паглыбіўся ў чытаньне: пакланеньне забітым продкам на Гульмаскай раўніне, мэдытатыўная філязофія аўрпэнтаў, акультны канібалізм у пячорах Арліі, цьмяныя абрады велярыбных выспаў…
Ён падняўся з-за сталу, калі Клінд і Ўурд цалком схаваліся ў водах Эйтэрычнага акіяну, а незьлічоныя зоры ўшпілялі чорнае неба над Номільнам.
Праходзячы вітальняю першага паверху, Каўрыт з жахам уваччу заўважыў паразьдзіраныя асобнікі «Сямі касьмічных шчыротаў». Яны ляжалі на падлозе ля палаючага каміну.
Чоўнік выйшаў з анкегскае атмасфэры й на арбіце прыстыкаваўся да гмаху Вандроўнае Царквы Касматэізму. З шлюзу выйшаў Каўрыт Утальтат у рытуальным чорным убраньні і ўпэўнена скіраваўся ў Зорны прыдзел. Там, гледзячы ў панарамнае вакно на туманнасьць Парабрамы, стаяў Патрыярх Вірмецаль.
Каўрыт паважліва схіліў галаву й прыклаў левую руку да выявы Вялікага выбуху на правым плячы.
– Вашая патрыяршая міласьць, безнадзейны выпадак. Я наведаў адзін кантынэнт з чатырох, але й гэтага было задосыць. Плянэта блюзьнераў! Там квітнеюць апатэістыя, паганцы, агностыкі, анімістыя й ліха ведае хто яшчэ. Колькасьць дробных гарэтычных культаў не паддаецца падліку. Агульнакасьмічная мараль гэтым вылюдкам невядомая ўвогуле.
Патрыярх Вірмецаль павярнуўся да яго:
– Культурная каштоўнасьць?
– Блізкая да нулю.
– Місіянэрская дзейнасьць?
– Немажлівая.
– Рызыка распаўсюду гэрасі?
– Значная.
– Што