Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. Антось Уласенка. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Антось Уласенка
Издательство: Издательские решения
Серия:
Жанр произведения: Научная фантастика
Год издания: 0
isbn: 9785005665102
Скачать книгу
адмаўляе, дык, відаць, дзейнічае з ксінатамі напару. Таму ў Гнязьдзе я слухмяна выконваю абавязкі вышніка, а ў вольны час зьбіраю рушэньне й гадую мазгавых паразітаў. Гэтыя маляткі ў выпадку чаго стануцца нечаканкаю для ксінатаў… Дарма вы так глядзіцё на мой баланьезэ – гэта зусім іншы від чарвякоў, іх адмыслова вырошчваюць на харчаваньне. Але, зноў жа, тут я вас цалком падтрымваю: бяры пад сумнеў усё, бо дакладна ня ведаеш нічога.

      – Фар Аўлга, ці ўсе ў Келіску падзяляюць падобны сьветагляд?

      – Вы першы назвалі мяне прагрэсіўным і разважлівым. Такіх заўжды меншасьць: хоць у Келіску, хоць у Лорміі, – але яны паўсюль кіруюць пасыўнаю бальшынёй. Калі вы плянуеце наладзіць гандаль з нашым Гняздом, вам карысна будзе ўзяць пад увагу тутэйшыя парадкі й настроі ды пазбыцца рэлігійных ілюзіяў, скуль бы яны ня браліся – з Анкегу ці з космасу.

      – Вашая рацыя. Тут ёсьць над чым падумаць.

      Далей размова перайшла на нэўтральныя тэмы. Каўрыт ветліва чакаў, пакуль Мікомп ня скончыць сталаваньне. У кожнай талерцы той пакінуў крыху ежы й пассыпаў усё ў паўмісак. Калі яны падняліся сыходзіць, ён падышоў да ямы й скінуў недаедкі. Каўрыт заўважыў, як раней тое ж рабілі іншыя наведнікі.

      – У чым сэнс гэтага рытуалу?

      – Вы б назвалі яго забабонам. Кажуць, на дне сядзіць сам гаспадар «Сьпеўнага каменю», а гаспадару трэба пакідаць выязное.

      – І што ён сабою ўяўляе?

      – Ня ведаю. Нават ня ўпэўнены, ці запраўды там хто ёсьць. Але і адмаўляць таго не магу. Хадземце.

      Прызёмісты чалавек у шараку таптаўся ў апошніх шэрагах. Туды яго адціснулі здаравезныя дзецюкі з Нэльтасоў, якія прыйшлі апоўдні. Яму прыходзілася ставаць на дыбачкі альбо падскокваць, каб разгледзець, што дзеецца наперадзе.

      На копішча ў Міхьтрэльдзкім лесе, недалёк ад Дзэргу, пасходзілася ці ня ўся ваколіца. Усё прыбываў люд з Ольтасу й Мьёзмаў, былі нават трэўрзкія. Кожны жадаў папрысутнічаць на капе друідаў.

      На прагаліне ў заходняй частцы лесу за гарамі Прэмарда было насыпанае ладнае ўзвышша, мошчанае глінай. Там і адбывалася капаваньне, якое гледачы спасьцерагалі зьнізу. На ўзгорку мелі права знаходзіцца адно друіды. Яны сядзелі на касьцяных лавах, што месьціліся па абводзе насыпу, і былі абароненыя ад сонца й непагадзі разьвіслымі галінамі попельных дрэваў, якія абкружалі копішча, пакідаючы прасьвець адно над цэнтрам. Там камянямі было абведзенае кола, дзе стаялі падвіноўныя.

      Менавіта іх імкнуўся разгледзець чалавек у шараку.

      – Гэй, драбяза, куды ўбіваешся?

      Яго пхнуў нехта зь мясцовых, але ён не здаваўся. Даў нырца пад локці суседзяў сьпераду й прасунуўся на колькі мэтраў бліжэй.

      Адтуль былі відаць лавы, на якіх сядзелі друіды ў цёмна-зялёных хламідах.

      – Прапусьціце наперад гэнага паўшабэлка, аджа зара ўсе ногі паадтоптвае!

      Пад лаянку з розных бакоў яго выпхнулі, даўшы шчырага падзадку, у пярэдні шэраг. Адтуль ён нарэшце змог разгледзець падвіноўных у коле камянёў.

      Першы быў ссушаным старым інтэлігентнага