– Вашыя развагі безумоўна цікавыя й павучальныя, але ў гэты момант пазбаўленыя будзь-якое практычнае каштоўнасьці. Скіньце іх у Міцэлій.
Два друіды кіямі сапхнулі падвіноўных у шахту. Каўрыт з асьцярогаю падышоў да краю і ўбачыў, як гіфы грыбніцы аплятаюць целы небаракаў і накрываюць іх сваёю масай. Спачатку былі чуваць жахлівыя крыкі, потым яны сьціхлі.
Усе друіды падняліся на ногі й пачалі хорам паўтараць за найвышэйшым:
– Хай распачнецца Трансфармацыя. Хай зьяўленае Існае прачнецца ў вантробах злачынцаў, пачне йрваць кіндзюкі й сілкавацца іхнымі ўспамінамі. Хай іх спаралізуе жах перад Абсалютам. Загніваючыя судзіны іхных целаў няхай стануцца караблямі экзанічных мутацыяў, а вэктарная інфэкцыя зьвяжа нуклеазы гамалягічнае адбудовы ў цэлевым локусе. Хай яны прарастуць грыбамі, якія дазволяць нам убачыць сьвет як ён ёсьць. Узрадуймася й прывітайма Трансфармацыю!
Калі рытуал скончыўся й шахту накрылі вечкам, задаволеная Гларпларла падышла да Каўрыта:
– Як вам спадабалася дзея? Аж пэўна стане матарыялу на ладную дыдактычную песьню?
– Вельмі ўражвае, – адкашляўся Каўрыт, – дзякую за дазвол папрысутнічаць. Але, між намі, вы насампраўдзе ўважаеце звычайную грыбніцу за бога?
Усьмешка зьнікла з твару друідкі.
– Мой даражэнькі, вашае невуцтва можна дараваць, бо вы прыйшлі з далёкае барбарскае краіны, дый фігура барда лічыцца ў нас недатыкальнай… Але вялікая просьба на будучыну – асьцярожней са словамі. Што да істы пытаньня: Міцэлій Міхьтрэльдзкага лесу – найстарэйшы жывы арганізм Анкегу. Яму некалькі тысяч гадоў, ён распасьцёрся пад зямлёю на палову кантынэнту й быў тут яшчэ да зьяўленьня людзей. Усе ягоныя мажлівасьці непасьціжныя й недасягальныя для нас, стварэньняў лесу. Адзіны шлях наблізіцца да Абсалюту – улучаць у дыету грыбы Міцэлію, убіраючы ў сябе часьцінку боскага. Заставайцеся на ўсяночную оргію, вы зможаце прылучыцца да сакральнага й з разьняволеным розумам апісаць усё ў песьні.
– Прынадная прапанова, але архіпрынцэпс чакае на мяне ў Хівіі і я вымушаны сьпяшацца.
– Што ж, наступнага разу. Вялікая Трансфармацыя напаткае кожнага з нас, раней ці пазьней.
– Калі вы пачакаеце, я паклічу цэхавага грандмайстра. Мажліва, ён лепей зразумее вашую прапанову.
Прыслужнік сышоў, пакінуўшы сьветласкурага чалавека ў іншаплянэтнай вопратцы аднаго ў гасьцявым пакоі. Той падышоў да вакна й паглядзеў на Эйтэрычны акіян, што шумеў трыма паверхамі ніжэй. Клінд і Ўурд, спараваныя сонцы Анкегу, нетаропка сядалі за гарызонт. У затоцы плыў велярыб з гарбарняю на сьпіне. Іншаплянэтнік з прыкрасьцю падумаў, што цэхавікі маглі б натапіць у сваёй гасподзе. У пакоі было зябка, а комін у куце заставаўся халодным.
Ён вярнуўся да паліцаў з кнігамі. Усе яны былі напісаныя на пэргаміне са скуры гастраподаў. Не пасьпеў прагледзець «Гісторыю Зурвэльскага