– У хляве нарадзіўся? Хто дазваляў распушчаць рукі? І куды гэта зыбраўся? Зь цябе сем ізрояў.
Юргель шчыра абурыўся:
– Чаму сем? Раней спадарычна казала пра шэсьць.
– Адзін ізрой – царкоўны збор Лясным багом, – прыслужніца прымхліва падняла далонь з растапыранымі пальцамі, і Юргель прыгадаў дрэва на сьвятарскім насове. А потым прыгадаў, што Бэнэдэльберт не заплаціў нічога.
– Як бы там ні было, я спытаўся выключна дзеля цікаўнасьці, бо ўсё адно ня маю з сабой грошай. Разумееш, за мною здарылася такая…
Прыслужніца падала знак карчмару, і той выйшаў з-за стойкі з друком. Выгляд лысага бамбізы красамоўна сьведчыў, што скарыстацца з таго друку ён не пасаромеецца.
– Бачу, узьнікла прыкрае непаразуменьне, – захваляваўся Юргель. – Я ўсяго хацеў сказаць, што грошай ня маю, але пакіну ў заклад кудмень з вокам ляснога чыпірадлы, – ён сьцягнуў з шыі цьмяную кульку ў аправе на ланцужку. – Выраблены вайдэлётамі Касьмічнага зьнічу з выспы Ду. Аберагае ад сурокаў і чараў.
Карчмар пакруціў кульку між пальцамі і высмаркаўся ў руку.
– Звычайны бафаніт. Такіх цацаў багата ў срацы. У нашым лесе можна торбамі зьбіраць. Але, – карчмаровы вочы заблішчэлі, – аправа добрая. Вазьму ў кошт твайго сталаваньня.
– Прашу заўважыць, такі кудмень, хай сабе з бафаніту, каштуе значна болей за талерку халоднага талалую. У Вільні за яго, – упэўнена хлусіў Юргель, – я купіў бы дом. Таму чакаю на сваю рэшту.
Карчмар перахапіў друк абедзьвюма рукамі, і Юргель пасьпяшаўся высьлізнуць з-за сталу.
– Да вечару прынясу сем ізрояў і выкуплю абярог.
Бамбіза пырхнуў:
– Ну-ну, разжыцца грашыма ў Цёмналесьсі ня так проста.
– Для Юргеля Нязломка няма нічога немажлівага. Скіруйце мяне на царкву Лясных багоў. Дзякую і не разьвітваюся.
Царкву – найвышэйшы будынак Цёмналесься – Юргель знайшоў бязь цяжкасьцяў. Таксама драўляная, пачарнелая ад часу, яна, тым ня менш, выглядала больш дагледжанаю за астатнія хаты і вылучалася вежаю над дальшым ад уваходу канцом.
Ён сьмела зайшоў унутар і ўбачыў ладны збой вяскоўцаў, што абсталі моўніцу, зь якой прамаўляў той самы трыбухаты сьвятар. Зь незашклёнага вакна ў вежы на моўніцу падала сьвятло. Быў там і Кузьмар, які з разяўленым ротам слухаў нядзельную вячэрню.
– …Наступным услаўляйма Алькіёна, што нясе нам у дзюбе міжзорную лагоду, пад крылом – сямейны дабрабыт, а ў кіпцюрох – прыродную раскошу. Узапраўды лепш алькіён у руцэ, як смок пад небам…
Юргель не прыслухоўваўся. Ён убачыў усё, што хацеў, і нецярпліва чакаў сканчэньня казані. Калі Бэнэдэльберт змоўкнуў, некаторыя вернікі падышлі да яго для прыватнае размовы, а бальшыня скіравалася да выхаду. Ля самых дзьвярэй кожны спыняўся і кідаў колькі мэталічных пруткоў у скарбонку.
Юргель прыладзіўся ў канец чаргі і, падышоўшы, зрабіў выгляд, быццам кладзе грошы. Насамрэч упэўненым рухам ён выграб і рассоваў па кішэнях усе ізроі. Кудмень