Ён глядзеў на Лёдзю побач і спрабаваў падаць ёй знак, але ўсё марна. Ахмістрыня была па-ранейшаму зьвязаная, яе матляла з боку на бок; яна не зважала ні на што, у тым ліку на Юргеля.
Шнар побач не зьвяртаў на палонных асаблівае ўвагі, прысьвячаючы яе краявіду пад імі і паперчыне ў руках. Калі-нікалі ён перакрыкваўся з Прокшам наперадзе і нешта выкрэсьліваў алоўкам.
Пэўнага моманту Вяльля засталася справа – Юргель зразумеў, што яны ўзялі курс проста на ўсход. Пасьля падняліся ў паветры – наперадзе выткнуліся горы. Ён ледзь не адубеў на вышыні, але неўзабаве яны прамінулі граду і зноў паляцелі над лесам.
Як і чакаў Юргель, калі вакол сутонела і апошнія прамяні Лілеі асьвятлялі адно йрванае пярыстае надхмар’е над галавой, аэрабарліна скінула хуткасьць. Марэны ў небе не было. Зямля ўнізе падавалася чорным прасьцірадлам, накінутым на непрыбраны бяседны стол. Шнар запаліў налобны ліхтарык, а Прокша – скіраваныя наўскасяк да зямлі фары.
Угледзеўшы наперадзе пад бортам тое, на што спадзяваўся, Юргель пачаў дзеяць.
– Стойце, стойце! Што гэта там? Ды такі вялізны, – залямантаваў, паказваючы пальцам назад.
Прокша запаволіў хаду аэрабарліны, а Шнар азірнуўся. Юргель кінуў пагляд уніз і прычакаў патрэбнага моманту.
«Выдатна».
Ён памацней ухапіўся нагамі за паўбачэнак і расхістаў яго, удаючы сябе гістэрыкам.
– Вунь жа ён, вунь там! Аёечкі, толькі гляньце.
Перад тым як перакуліцца цераз борт, Юргель пасьпеў вырваць паперчыну з рук Шнара.
Ён куляўся ў паветры разам з паўбачэнкам. Чуў крык на барліне. Бачыў яркі прамень, які вымільгнуў з-па-над галавы. Адчуваў, як драўляныя трэскі ўтыкаюцца ў шчаку. Унюхаў пах спаленага валосься. А потым сутыкненьне зь невялікай – касы сажань у пярэчніку – паветранаю выспачкаю выбіла зь яго дух. Ён парадаваўся, што разьлічыў усё як сьлед.
Але радаваўся нядоўга: зьверху працягвалі страляць. Ад іх з паўбачэнкам агульнага цяжару выспа хутка падала ў цёмным небе, ніжэй і ніжэй, аж пакуль не кранулася верхавых галінаў дрэваў. У гэты момант ён сапхнуў нагамі паўбачэнак і падзеньне спавольнела. Выспа чапляла галіны, і ён моршчыўся ад узьнятага шуму і трасяніны, але наверх болей не глядзеў. Урэшце выспа з глухім гукам ляснулася аб зямлю, і зь яго зноўку выбіла дух.
Ён перавярнуўся на сьпіну і колькі часу ляжаў, не варушачыся; баяўся праз прагал у лістоце ўбачыць абрысы барліны і скіраваны ў яго сьмертаносны прамень. Але ня ўбачыў. Відаць, і яго самога не было як разьгледзець у такой цямрэчы. Юргель асьцярожна падняўся, пацягнуўся – і зразумеў, што нічога не зламаў. Адно адбіў усё што можна. Але ў гэтых варунках ён мог зазнаць і большыя страты, таму асабліва не пераймаўся.
Юргель