Нелюбімыя гінуць. Віктар Праўдзін. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Віктар Праўдзін
Издательство: ЛитРес: Самиздат
Серия:
Жанр произведения: Современные детективы
Год издания: 2021
isbn:
Скачать книгу
Люба і нечакана здзівілася: чаму раней ёй нават у галаву не прыйшло запытацца ў эканомкі пра мову, на якой фрау Эльза гаварыла вольна і без усялякага акцэнту?..

      – Я руская немка, нарадзілася і сорак гадоў пражыла ў Казахстане, непадалёк ад горада Кустанай, чула пра такі?

      Люба згодна кіўнула. Яна не ведала, як далей сябе паводзіць, пра што гаварыць.

      – Інгрыд выйшла замуж за казаха і, канешне, са мной на радзіму продкаў не паехала. Цяпер у іх з Русланам трое хлопчыкаў, жывуць бедна, летась наведвала і на свае вочы пабачыла: у суседа ваду з калодзежа і тую купляюць… Але сітуацыя хутка зменіцца, я пабудую новы дом, не горшы за гэты, і мы будзем жыць разам, усім месца хопіць. Для Руслана нават работу прыгледзела…

      Фрау Эльза сумна ўсміхнулася і, прыхільна паглядзеўшы Любе ў вочы, роспачна ўздыхнула:

      – Асабістае жыццё не склалася: у пяцьдзясят гадоў ні сям’і, ні сяброў… А ты мне глянулася, як дачка… У Інгрыд гэткія ж доўгія валасы, і я заўсёды дапамагала з імі ўпраўляцца.

      Чулая душа не заўсёды чуе ману, але яна заўсёды, пры любых абставінах, прагне рабіць дабро. Нечаканая споведзь фрау Эльзы кранула Любіна сэрца, дзяўчыне было сорамна за ганебныя думкі, і, каб найхутчэй паправіць памылку, яна, даверліва зірнуўшы на эканомку, далікатна зазначыла:

      – Фрау Эльза, я не супраць Вашай дапамогі, наадварот, буду вельмі ўдзячна. Калі быць шчырай, мне і самой не хочацца адразаць валасы, касу вельмі любіў…

      Люба запнулася, вінавата паглядзела на эканомку, але ўбачыўшы, з якой прыхільнасцю фрау Эльза глядзіць на яе, працягвала:

      – Касу любіў мой каханы, яна як памяць…

      – Вы разышліся, але ты ўсё яшчэ кахаеш яго? – выказала здагадку эканомка.

      – Так, – пагадзілася Люба, – інакш…

      – Інакш даўно б выкінула касу на сметнік… – скончыла за Любу фрау Эльза і самазадаволена, задзірліва засмяялася: – Ты, як мая Інгрыд, наіўная і зусім непрактычная… Верыш у каханне з першага погляду і з любімым гатова ўсё жыццё пражыць у шалашы.

      – Так было раней, – спахмурнела Люба. Ёй было непрыемна гаварыць з малавядомым чалавекам на ўсё яшчэ балючую тэму.

      – Канешне, раней, – адразу пагадзілася фрау Эльза, – інакш сюды не прыехала б. Усе мужчыны аднолькавыя, даб’юцца свайго, і памінай як звалі… Мая Інгрыд таксама нарадзілася ад «вялікага кахання», і напачатку яе бацька абяцаў залатыя горы з маннай нябеснай, а як даведаўся, што забрухацела, пра абяцанкі-цацанкі забыўся, стракача задаў: па сённяшні дзень почуту няма… Адна дачку гадавала, вось і сюды за лепшым жыццём падалася… І ўсё дзеля яе. Але цяпер маладыя сваім розумам жывуць, праўда, да таго часу, пакуль, як людзі кажуць, свая вош не ўкусіць… Вось і цябе тая вош укусіла… Прызнавайся, хлопчык ці дачушка засталіся ў Мінску?

      – Што Вы, якія дзеці! – усхвалявана ўскрыкнула зніякавелая Люба і запунсавелася. Пачутая бязглуздзіца ўзрушыла, на нейкі момант выбіла з каляіны, нават стала цяжка дыхаць, у роце перасохла, язык зрабіўся цяжкім і шурпатым. Яна аблізнула імгненна