Мы мовілі шчэра й сувора.
Мыслі вялі суздром ў галавах.
Гадкі чэзлі саўсём ў галавах.
Мы забылі – дзясятнік быў хворым…
Больш за ўсё тут мяне турбуе хворы дзясятнік. Пры чым тут ён – “старшыня над работнікамі, майстровымі, ніжэйшая ступень наглядчыка, загадчыка, нарадчыка” (зірні ў слоўнік Даля)?
Яшчэ мы хадзілі на так званыя касіны, то бок на танцавльныя зборы, што ладзіліся ў спадара Гайдукевіча на Высокім рынку, недалёк ад дому маёй цётачкі. Хораша ж бывала закружыцца ў вальсе і забыцца пра ўсё на свеце. Павел танчыў выдатна і на такіх зборах паводзіўся вельмі артыстычна. Тут я хачу адцеміць, што касіны часцей ладзіліся для важкіх шляхецкіх фігураў. А хто былі мы?! Паўлаў дзед і бацька не прайшлі разбору шляхты, бо не прадставілі дакументаў на пацверджанне сваёй знатнасці. Грошаў тады ў іх вялося няшмат, дык хабар якому Кручкову ўсунуць не выпадала. Добра, што хоць у горадзе жыхарылі, а то, глядзіш, і ў прыгон маглі б запраторыць. Неяк абышлося. Бацька Паўла яшчэ і перастрахаваўся, змяніўшы прозвішча. І заміж даўнейшага Александровічы выйшлі Аляксандравы. Маё ж прозвішча – Клыкоўская – хоць і выдавала на шляхецкае, але адпаведных папераў наша сям’я ніколі не мела. Мы былі патомнымі мяшчанамі. Вось жа на касінах даводзілася бываць па знаёмству і ціхенька, як і іншыя мянчане, удаваць з сябе дробную шляхту. Дарма што, гэта было не зусім прыемна…
На адных касінах я адышла ў дамскі пакой, бо пакаштаванага шампану было занадта, і далейшае трыванне магло спавадаваць бяду. Зрабіўшы пільнае, я рушыла назад у залю і літаральна натыркнулася на Вайніслава, каторы з’явіўся немавед скуль. Я няспрытна адхітнулася і, страціўшы раўнавагу, апынулася ў ягоных абдоймах. Нашы твары былі блізка-блізка. Я адчувала ягонае дыханне. Мы глядзелі адно адному проста ў вочы. І я дагэтуль не магу апісаць той сілы, з якой мае вусны паімкнуліся да ягоных. Мы пацалаваліся. Я ўсім целам