Голад (зборнік). Кнут Гамсун. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Кнут Гамсун
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Noblesse Oblige
Жанр произведения: Зарубежная классика
Год издания: 1890
isbn: 978-985-7165-10-0
Скачать книгу
мяне да замка прынцэсы Юлаялі, дзе мне падрыхтаванае такое хараство, якога яшчэ не бачыў свет. І сама яна будзе сядзець у зіхатлівай зале, дзе ўсё зроблена з аметысту, на троне з залацістых ружаў, і, калі я ўвайду, яна падасць мне руку і гучна вымавіць прывітальныя словы, як толькі я падыду блізка і ўкленчу перад ёю: «Вітаю цябе, рыцар, у маім палацы і ў маіх уладаннях! Я чакала цябе дваццаць гадоў, я клікала цябе ўсе гэтыя светлыя ночы, і калі ты пакутаваў, я плакала, а калі ты спаў, я сваім подыхам насылала на цябе цудоўныя сны!..» І вось прыгажуня бярэ мяне за руку, паказвае дарогу, вядзе доўгімі калідорамі, дзе велізарныя натоўпы крычаць «віват!», цераз светлыя сады, дзе гуляюць і смяюцца тры сотні маладзенькіх дзяўчат, у іншую залу, дзе ўсё зроблена з прамяністага смарагду. Тут усё залітае сонцам, у галерэях і калідорах чуюцца салодкія спевы, на мяне аднекуль павявае пахкімі водарамі. Я трымаю яе руку ў сваёй і адчуваю, як мая кроў запальваецца вар’яцкімі, вядзьмарскімі чарамі, я абдымаю яе, і яна шэпча: «Не тут, хадзем далей!» І мы ўваходзім у пунсовую залу, дзе ўсё выштукавана з рубіну, – я патанаю ў харастве, якое ахоплівае мяне ўсяго… І я адчуваю, як яе рука абдымае мяне, яе дыханне сагравае мяне, і я чую шэпт: «Вітаю цябе, мой каханы! Цалуй мяне! Яшчэ… яшчэ…»

      З лаўкі мне відаць зоркі, што ззяюць перад маімі вачыма, і мая думка імкліва нясецца прэч разам з віхураю святла…

      Я заснуў, лежачы на лаўцы; праз нейкі час прыйшоў паліцыянт і разбудзіў мяне. Мяне бязлітасна змусілі і далей гібець у жабрацкім жыцці. Першым маім пачуццём было тупаватае здзіўленне, што я апынуўся пад голым небам, але яно хутка змянілася горкай тугой: я гатовы быў плакаць ад прыкрасці, што я ўсё яшчэ жывы. Покуль я спаў, прайшоў дождж, вопратка мая прамокла да ніткі, і я адчуваў золкі холад ва ўсім целе. Змрок зрабіўся яшчэ гусцейшым, і мне з цяжкасцю ўдалося разгледзець твар паліцыянта.

      – Та-а-ак! – прамовіў ён. – А цяпер падымайцеся!

      Я адразу ўстаў; калі б ён загадаў мне зноў легчы, я таксама б падпарадкаваўся. Я быў прыгнечаны і дашчэнту знясілены, а да таго ж мяне адразу пачаў зноўку мучыць голад.

      – Дурны чалавеча, пачакайце! – выгукнуў паліцыянт. – Вы забылі свой капялюш. Та-а-ак, цяпер ідзіце!

      – Мне таксама здалося, што я… што я забыўся… – бязладна прашаптаў я. – Дзякуй, дабранач!

      І я паклыпаў далей.

      Ах, калі б цяпер у мяне быў хоць кавалачак хлеба! Цудоўны кавалачак чорнага хлеба, які можна грызці, блукаючы па вуліцах! І я думаў, што бывае гэткі асабліва смачны чорны хлеб, і добра было б ім пачаставацца. Голад мучыў мяне, мне хацелася памерці, і я проста плакаў ад лішку пачуццяў. Гора маё было бязмежнае. Раптам я спыніўся пасярод вуліцы, затупаў нагамі і пачаў выкрыкваць праклёны. Як ён мяне абазваў? Дурным чалавекам? Ну, то я пакажу гэтаму паліцыянту, як называць мяне дурным! Тут я кінуўся назад. Я ўвесь кіпеў ад злосці. На вуліцы я спатыкнуўся і ўпаў, але не звярнуў на гэта ўвагі, падхапіўся і пабег зноўку. Дабраўшыся да Вакзальнай плошчы, я так стаміўся,