Голад (зборнік). Кнут Гамсун. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Кнут Гамсун
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Noblesse Oblige
Жанр произведения: Зарубежная классика
Год издания: 1890
isbn: 978-985-7165-10-0
Скачать книгу
лепшага я і не хацеў! На душы ў мяне зрабілася куды спакайней. Седзячы на ложку з капелюшом у руцэ і гледзячы на газоўку пры сцяне, я паўтараў сам сабе падрабязнасці гэтага першага свайго сутыкненні з паліцыяй. Напраўду, я ўпершыню сутыкнуўся з імі і да чаго ж спрытна іх абдурыў! Журналіст Танген, праўда ж? З «Моргенбладэ»! Згадаўшы «Моргенбладэ», я пацэліў гэтаму спадару ў самае сэрца! «Гэта да справы не адносіцца!» Ну і што такое? Заседзеўся ў гасцях на Саборнай плошчы да дзвюх ночы, забыў дома ключ і кашалёк з некалькімі тысячамі крон! «Праводзьце спадара ў рэзервовую камеру…»

      Ды вось газоўка гасне, гасне адразу, без папярэджання, я сяджу ў поўнай цемры, не бачачы нават сваёй рукі, не бачачы белых муроў камеры, анічога. Застаецца адно – легчы спаць. І я распранаюся.

      Але я не мог заснуць: сон не ішоў да мяне. Пэўны час я ляжаў, гледзячы ў цемру – густую, непранікальную, бяздонную і недасяжную. Мая думка не магла яе ахапіць. Змрок быў занадта густы, ён ціснуў на мяне. Я зажмурыўся і стаў напаўголаса напяваць, я круціўся на ложку, каб развеяць цяжкія пачуцці, але ўсё было марна. Змрок паглынаў усе мае думкі і ні на хвілю не адступаўся. А раптам сам я ўвесь растваруся ў гэтай цемры, зліюся з ёю ў адно? Я падскокваю з ложка і пачынаю размахваць рукамі.

      Нервовае ўзбуджэнне цалкам авалодала мною, і як я ні намагаўся пазбавіцца ад яго, нічога не дапамагала. І вось я сядзеў, ахоплены вельмі дзіўнымі фантазіямі, заспакойваў сябе, напяваў калыханку, сіліўся сябе ўтаймаваць, увесь спацелы ад гэтых высілкаў. Я пільна ўзіраўся ў змрок, такі глыбокі, якога я ў жыцці не бачыў. У мяне не было аніякага сумневу, што гэта зусім асаблівая цемра, пагрозлівая стыхія, з якою яшчэ ніхто на свеце не сутыкаўся. Мне прыходзілі ў галаву самыя недарэчныя думкі, усё вакол пужала мяне. Вось у сцяне над ложкам невялікая адтуліна, яна забрала маю пільную ўвагу. Гэтая дзірка ад цвіка, думаю я, – знак, пакінуты на сцяне. Я абмацваю адтуліну, дзьму ў яе. Імкнуся вызначыць яе глыбіню. Не, гэта не простая адтуліна, куды там, гэта вельмі хітрая і таямнічая адтуліна – яе варта асцерагацца. Паглынуты гэтай думкаю, ахоплены пякучаю цікаўнасцю і страхам, я нарэшце ўстаў з ложка, знайшоў у кішэні сцізорык і вымераў глыбіню адтуліны, каб пераканацца, што яна не выходзіць у суседнюю камеру.

      Потым я зноў прылёг і паспрабаваў заснуць, але замест гэтага зноўку пачаў змагацца з цемраю. Дождж на двары суняўся, і не было чуваць ані гуку. Я доўга прыслухоўваўся і не мог супакоіцца, аж пакуль не пачуў крокаў на вуліцы   – па ўсім відаць, гэта прайшоў паліцыянт. Пасля я пачаў пстрыкаць пальцамі і смяяцца. Ха-ха! Чорт пабірай! У галаву мне прыйшло новае, небывалае слова. Я прыўздымаюся на ложку і кажу: «кубоа», – такога слова няма ў мове, я сам яго прыдумаў. Як і кожнае слова, яно складаецца з літар… мілы Божа!.. ага, чалавеча, ты стварыў слова… «кубоа»… яно мае вялікае значэнне для граматыкі.

      Гэтае слова выразна паўставала перад маімі вачыма ў змроку.

      Цяпер я сяджу на ложку, шырока расплюшчыўшы вочы, дзіўлюся сваёй знаходцы і смяюся ад радасці. Я кажу шэптам: мяне ж могуць падслухаць, а я хачу захаваць сваё вынаходніцтва ў таямніцы. Ад голаду мною авалодала