Трынаццаць дзён (зборнік). Анатоль Кудласевіч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Анатоль Кудласевіч
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Поэзия
Год издания: 2014
isbn: 978-985-7021-57-4
Скачать книгу
я, і ўбачыў прамую сувязь паміж здарэннямі. Жанчына, магчыма, таксама ішла ў царкву, ды з-за ключоў так і не патрапіла. Гады тры назад, калі я збіраўся на першую споведзь, – выпадкова амаль не спаліў пакойчык у інтэрнаце: забыўся выключыць кіпяцільнік, ужо пачалі плавіцца фіранкі – я з жахам падумаў тады: ці да споведзі мне было б, калі б сапраўды загарэлася?

      «Гэта ўсё д’ябальскія хітрыкі, каб адцягнуць нашу ўвагу ад галоўнага…» – падумаў я.

      – Жанчынка, не хвалюйцеся, не плачце… Ключы дробязь, можа знойдуцца яшчэ, прычына не ў ключах, прычына ў вашай душы. Я пазаўчора таксама згубіў ключы, гэта не выпадковасць, гэта нейкі знак… Трэба было так, гэтага ўжо не паправіш. Схадзіце лепш, памаліцеся, гэта д’ябал ловіць вашу душу ключамі, душу вашую ловіць: галоўнае душа, яе трэба ратаваць…

      На кароткі час словы, здаецца, пранялі яе, жанчына сцішылася, але потым яшчэ галасней запрычытала:

      – Што ж я буду раб-і-іць? Ку-уды-ы-ы ж я пайду! – я адчуваў сваю бездапаможнасць паправіць што-небудзь, дапамагчы ў чалавечай бядзе. – Мяне ж з работы выганяць. Столькі замкоў, столькі замкоў… Дзе ж я вазьму гро-ша-ай…

      Я памкнуўся дастаць апошнія дзве тысячы, што былі ў мяне, але стрымаўся: якія ж гэта грошы – смех, хіба што дзве шрубкі на іх купіш: давяду яшчэ да большага адчаю.

      – Не плачце, ну… Чым жа мне вам дапамагчы? Давайце завяду вас дахаты. Дзе вы жывяце? Вы не даедзеце ў такім стане, куды ехаць?

      Аказалася, што яна была са сваёй маці (старэнькай бабулькай, апранутай, нібы манашка, ва ўсё чорнае) – яна моўчкі і цярпліва пераносіла даччынае гора: сціснутыя ў прамую лінію губы, здаецца, пабялелі ад напругі.

      «Ой, колькі ж яшчэ на свеце бяды, – падумаў я, – на кожным кроку нас падсцерагае спакуса і небяспека, колькі гора людскога і слёз чалавечых навокал, рана я пачаў радавацца. Колькі яшчэ работы, каб наблізіць царства… Царства нябеснае бярэцца намаганнем, талакою бярэцца царства…».

      Не спяшаючыся, я пераходзіў ад прыпынку да прыпынку. Углядаўся ў людзей. Нібыта прачнуўся ад жахлівай спячкі: убачыў сябе, ранейшага, збоку. Заўсёды некуды спяшаўся, мітусіўся туды-сюды, як чаўнок у кроснах, нібы аўтамат з зададзенай праграмай. Быццам зомбі: чалавек-робат. Не бачыў вакол сябе нікога. Мне здавалася: людзі таксама заўсёды спяшаюцца, блытаюцца пад нагамі – а яны ў той час жылі размераным, спакойным жыццём, прыглядаліся адзін да аднаго, захапляліся прыгажосцю. Чатыры гады я насіўся па гэтых вуліцах, нібы ўчадзеўшы, нікога і нічога не заўважаючы. Упершыню за апошні час я ішоў з пустымі рукамі: ні дыпламата, які стаў часткай майго цела, ні авоські з прадуктамі, ні сумкі – вольныя рукі! Яшчэ жартаваў, дурнота, хваліўся: «Усё маё са мною!» А ўсе гэтыя гады навокал жылі людзі, якіх я не бачыў: смяяліся, плакалі, глядзелі ўлюбёнымі вачыма адзін на аднаго і, напэўна, здзіўляліся, бачачы мяне, мітуслівага дзівака…

      Маленькі хлопчык на прыпынку, растапырыўшы рукі і смешна раскарачыўшы крывенькія ножкі, чыкільдаў за галубамі: падбягаў, калываючыся, да птушак, нахіляўся і ўсё хацеў злавіць рукамі. «Хоп!» – пляскаў