І што свет, у цьму адзеты,
Тая песня асвятляла,
Як і сонца светліць кветы.
I заглушан быў званамі
Гэты звон, вяшчун прарочы;
Не трывожыць ён больш ночы,
Цьмы, залеглае над намі,
Каб увысіць лёс сірочы.
У няроўным тым змаганні
Надарваўся звон чуллівы.
Змоўклі песень пералівы,
Зноў пануе бразгатанне,
Пустазвонаў клік фальшывы.
І смуткуе звон разбіты
Аб тых песнях разнастайных,
Што ў прасторах у бяскрайных
Зоры слухалі сукрыта,
Каб пазнаць іх сэнс патайны.
Але голас праўды, згоды
Не замрэ ў душы ніколі:
Будзе клікаць ён да волі,
Будзе ў сэрцы жыць заўсёды,
Як той вобраз лепшай долі.
IV
Нікла жыцце ў шумным лесе,
Агаляўся твар зямлі,
I ляцелі ў паднябессі
З звонкім крыкам жураўлі.
Восень ткала ўжо красёнцы
Мяккай чырвані ў лістах,
Восень спеў вяла бясконцы,
З ветрам ходзячы ў кустах;
Восень прала кужаль тонкі —
Павуціння белы лён;
Восень шэрыя заслонкі
Моўчкі клала на адхон.
Восень шла ў сырым тумане,
Восень клыгала ўгары,
Восень песні пела зрана,
Восень ныла ўвечары;
Восень слала дзень свой хмурны
Па падатак у лясы,
Каб на долы стол хаўтурны
Там заслаў ёй абрусы.
Ішоў зранку дзень пануры,
Ахінуўшыся ў імглу,
Вочы шэрыя прыжмурыць
I міргне вятру-арлу.
I падыме вецер спевы,
Захістаюцца лясы,
I даюць падатак дрэвы,
Лістам сцелюць верасы.
Адзін верас і красуе,
Там чуваць яшчэ жыццё,
А той вецер ліст драсуе,
Размятае, бы смяццё.
Глухла поле, замірала,
Як бы дух пранёсся злы,
I ў задуме пазірала
Даль з-пад шэрае імглы.
Так на дзетак глядзіць матка,
Як расходзяцца яны
Па ўсім свеце з роднай хаткі
На мяжы свае вясны.
Нейкім жалем павявала
Ад аголеных палёў,
Ад шнуроў тых, дзе бывала
Нёсся шолах каласоў.
Там цяпер ралля чарнела,
Глыбы ўскопанай зямлі,
I пакошу сеткай белай
Павуцінкі заплялі.
Пад агульны смутак гэты
Граў Сымон цяпер адзін,
Граў прашчанне жыццю лета,
Спеву-радасці далін;
Граў разлуку з дзедкам мілым:
Дзед не ўздужаў далей жыць —
Пад крыжом, пад тым пахілым,
Дзедка, друг яго, ляжыць.
Нейк няждана смерць скасіла,
Хоць даўно яна, як цень,
Шла за ім, свой міг сачыла
I забрала ў ясны дзень
Пры ўсіх людзях, сярод поля,
Як ён трошкі прыкархнуў;
Згас