Гняздо-2 (зборнік). Паліна Качаткова. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Паліна Качаткова
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2016
isbn: 978-985-7021-99-4
Скачать книгу
Усё так брыдка і нудна, ні на што не стае моцы. Слава не магла знайсці сабе месца. Не пакідала адчуванне страты – быццам згубіла што. Ці, хутчэй, не згубіла, а проста ўкралі. Толькі што? Чорная чарупіна на месцы, ляжыць у кішэні і грэецца. Ці грэе? А Славе здаецца, што яна ўжо перастала быць сама сабой: рукі і ногі нямеюць, як чужыя, вочы круглыя, пагляд палахлівы. І застаецца адно – пашкадаваць сябе. Усё-такі заўсёды застаецца месца для жахлівага, і абавязковае месца – для пакарання. Прыціхлі ў змроку цені жаданняў, якія немагчыма ператварыць у цярпенне, дзіўныя намеры шчэмяцца ў душу. І спынілася ў вышыні белая поўня.

      Цмок вылупіўся ўвечары, калі Рыгоркі не было дома. Слава думала, што цмок будзе падобны на вужаку. Але не, малы, ён нагадваў яшчарку, а калі падгадаваўся, дзіўным чынам змяніў аблічча – зрабіўся падобным на сабаку. Слава праводзіла з ім шмат часу, карміла яечняй, мыла і называла Крыланам. Яна звыклася з яго вострай мордаю з чорным носам і маленькімі бліскучымі вачыма, звыклася з тым, што замест пярэдніх лапаў у яго крылы. Рыгорка забараняў называць цмока Крыланам.

      – Гэта Цмок – і ўсё!

      – Ён занадта тоўсты для Цмока.

      – Ён нармальны, такі, як трэба. Гэта ты тоўстая.

      Рыгорка паглядзеў уважліва на Славу, пасля на цмока і дадаў: «Хутка будзеш вучыць яго лётаць». Крылан большасць часу хаваўся за лядоўняй, усяго баяўся, і Слава сумнявалася, што ён калі-небудзь паляціць.

      Славу цікавіла ўсё, што тычылася выхавання цмока. Калі Рыгоркі не было дома, яна шукала кнігу, якую не бачыла ні разу з таго самага першага дня. Знайшла яе, бо вельмі хацела знайсці, на шафе, загорнутую ў паперу, зверху на кнізе стаяў прас – стары і цяжкі, ім ніхто не карыстаўся. Пра гэты прас Рыгорка казаў, што яго падаравалі маці на вяселле.

      «Цмок нікому не паказваецца. Кожны дзень гаспадар ці гаспадыня носяць яму свежую яечню. Але яечню нельга саліць: пасаліўшы яечню, угневіш цмока. За гэта ён спаліць усе скарбы, гаспадара і паляціць прэч», – прачытала Слава ў кнізе.

      «Субота. 21 снежня. Даўж. дня 6:57. Поўня» – падкрэсліла Слава ў перакідным календары, што ляжаў на яе працоўным стале. Сёння Рыгор збіраўся выпускаць цмока, сказаў, што скіне яго з балкона – пара ўжо. Крылы мае – значыць, паляціць.

      – А як вам, Слава, здаецца, – спытала Валянціна Браніславаўна, – што лепей: быць паслухмяным ці заўсёды кіравацца сваёй воляй?

      – Галоўнае – ведаць правілы.

      – Што?

      – Прабачце, я не ведаю, Валянціна Браніславаўна.

      «Самая бязглуздая гульня мае сэнс, калі ведаць правілы», – сказала Слава сама сабе ўжо на вуліцы і ўсміхнулася. Як на цуд, глядзела яна на зіхатлівы, парушысты снег у святле ліхтара. Снег нагадваў ёй тоўчаныя шкельцы на калядных паштоўках, якія дасылала ёй бабуля з Амерыкі. Хутка Каляды. І, здаецца, на пустой вуліцы ўжо пахне елкаю і мандарынамі. Сакавітымі аранжавымі мандарынамі. На высокім небе мігцелі чыстыя, халодныя зоркі, кацілася над горадам сумная поўня. І падала знічка. «Памёр нехта», – паспела падумаць Слава. Але знічка не ўпала,