Пад ратавальную крону дуба і прыбегла Дарка, аддыхваючыся і выціраючы даланёй мокры твар. Прыбегла своечасова, бо лінула дык лінула – не дождж, а сцяна вады. Маланкі мітусіліся вакол, быццам і самі шукалі сухога месца ў пачарнелым небе.
Далей Дарка нічога не памятае. Штосьці суха і рэзка трэснула над галавой, быццам неба раскалолася на дробныя кавалачкі…
Бура пранеслася гэтак жа хутка, як і наляцела. Пастухі, гонячы вечарам дадому кароў, знайшлі Дарку пад дубам. Маланка адшчапіла вяршыню магутнага дрэва, разадрала кару да самай зямлі і не абмінула жанчыны.
Дарку адхадзілі, яна апрытомнела і паступова вярталася да жыцця. Адно толькі страціла назаўсёды – слых. Яна аглухла. Нязвыклая, страшэнная цішыня запоўніла вушы – ні гуку, ні слова не далятала да яе. Сцяна! Вакол сцяна глухаты.
Для Даркі пачыналася новае жыццё ў сям’і: з дзецьмі, з мужам – і быццам без іх. Яна нібыта бачыла кіно, якое забыліся агучыць. Для яе пачыналася новае жыццё сярод людзей, галасы якіх засталіся толькі ў памяці. Адзінока і холадна зрабілася навокал.
Дарка скончыла дзесяцігодку і засталася ў сваёй вёсцы – не вабіла яе тлумнае гарадское жыццё. Бываючы ў Мінску, захаплялася шырынёй вуліц, шматпавярховымі будынкамі, зачароўвалася мудрагелістымі вітрынамі і рэкламамі, але… Пужала яе нейкая ненатуральнасць усяго гэтага. Ад гмахаў-дамоў павявала няўтульнасцю, за вокнамі, здавалася, не было жыцця.
Калі ж аднойчы пагасцявала ў сваіх сябровак, якія жылі ў інтэрнатах, так званых «абшчагах», дзе дым слупом стаяў ад цыгарэт і перасмажанага зжаўцелага сала, дзе п’янае мацюканне запаўняла калідоры, – Дарка яшчэ больш пераканалася ў правільнасці свайго жыццёвага выбару. Узгадаваная на пахах траў і кветак, на птушыных спевах і задуменнасці гаёў, аблашчаная ветрыкам і водарам жытнёвых палёў, звыклая да сялянскай шчырасці і да ўтульнасці бацькоўскай хаты, яна адчувала сябе частачкай гэтага хараства і кропелькай гэтай гармоніі.
Вось чаму пасля заканчэння школы яна не вагалася, як некаторыя яе сяброўкі, і, як яны, не паляцела шукаць лёгкага хлеба і невядома чым падфарбаванага жыцця.
Алесь, яе аднавясковец і былы аднакласнік, таксама пасля школы не кінуўся ў белы свет шукаць птушку шчасця, а скончыў курсы механізатараў, сеў на калгаснага «Беларуса» і «ўворваў» свой лёс глыбей і глыбей у зямлю сваіх продкаў, глыбей і глыбей пускаў карані ў зямлю, якая дала яму жыццё.
Адназначна ніхто не мог бы сказаць, якая сіла прымусіла яго застацца тут: любоў да зямлі, да родных вытокаў ці неабходнасць дапамагаць маці, якая пасля смерці бацькі спадзявалася толькі на сына. Магчыма, і першае, і другое паўплывала на Алесева рашэнне.
Аднак сам Алесь ведаў, што была яшчэ іншая, найпершая, найгалоўнейшая для яго прычына.
Хлапец так шанаваў і старанна хаваў сваю таямніцу ад чужой цікавасці, што ў вёсцы, дзе ўсё як на далоні, нават не здагадваліся пра глыбіню і сілу пачуццяў, якія спальвалі, ажыўлялі і зноў спальвалі яго сэрца.
Ведала пра гэта толькі іх віноўніца, аднагодка і аднакласніца Алеся –