Ева ў пошуках Адама (зборнік). Коллектив авторов. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Коллектив авторов
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Вера. Надзея. Любоў
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2016
isbn: 978-985-02-1690-8
Скачать книгу
«бутэлечныя» лыткі Надзеі ўспыхнулі перад вачыма, калі клаўся спаць. Што ні кажы, а мая ранейшая сяброўка прывучыла мяне да рэгулярнага сексуальнага жыцця, а цяпер ужо амаль два месяцы, як я без жанчыны. І жаданне, якое ўспыхнула ўва мне, было нежартоўным. Далібог, каб яна не пайшла некуды (я пабачыў праз акно), то знайшоў бы спосаб яшчэ раз загаварыць з ёй.

      Праўда, раніцай учарашняя карцінка не выглядала такой спакушальна-салодкай. Я пастараўся прыпомніць твар Надзеі: амаль круглай формы, невялікі падбародак, характэрны нос – востры, тонкі, з шырокімі трапяткімі крыламі, якія шавяліліся ад яе адсопвання. Нічога асаблівага.

      Толькі позірк – вось што сапраўды хвалявала. Гарэзлівы, іскрысты. Яе вочы не абяцалі нічога, але быццам прапаноўвалі: заслужы, не пашкадуеш!

      У той дзень здарыўся пажар у далёкай вёсцы, у нежылым доме. На падлозе пасля тушэння знайшлі труп: бамжыха, даўно вядомая ў вёсцы шасцідзесяцігадовая алкагалічка, не змагла дапаўзці да дзвярэй. Адзенне на ёй згарэла ўшчэнт, спіна яе і плечы абгарэлі да костак. Справы ўмомант выціснулі з галавы думкі пра Надзею.

      Выгляд голага закуродымленага трупа немаладой жанчыны, які ляжаў перада мной на зялёным, у жоўтых кветках дзьмухаўцоў лужку, выклікаў мноства пачуццяў, але над усім дамінавала адчуванне жорсткай несправядлівасці, алагічнасці жыцця. Пакуль эксперт аглядаў труп на магчымую наяўнасць знешніх пашкоджанняў (раптам нехта пырнуў старую нажом?), мяне зачапіла і не адпускала адна думка: вось гэта, страшнае ў сваёй недагледжанасці, бруднае, азызлае цела было раней самым жаданым для некага. Нехта некалі з жарсцю цалаваў яго, гэтыя брыдкія цяпер грудзі былі неверагодна спакушальнымі, іх смочкі з асалодай хапалі роцікі немаўлят і цалавалі вусны каханага… Мы ўжо ведалі: у бамжыхі раней былі муж, сын і дачка. Яе пазбавілі бацькоўскіх правоў у трыццацігадовым узросце.

      Саладкавы смурод гарэлага чалавечага цела чуўся мне паўсюль да вечара, быццам ён уеўся ў маю скуру, не толькі ў адзенне. Вяртаўся дадому спустошаным як ніколі. І толькі адно радавала цяпер – прадчуванне хуткай адзіноты, ціхай гадзіны ў садзе з кубкам кавы. Дзівіўся сам з сябе: не першы труп бачу за сваю практыку, але чаму так глыбока крануў мяне гэты выпадак? Бо жанчына? Ці гісторыя яе пустога жыцця, якая ўмясцілася на паўстаронкі тэксту?

      Я зусім забыўся пра ўчарашні дзень і сваю спакуслівую суседку, таму яе постаць ля дома выклікала ў мяне амаль здзіўленне. Умомант успомнілася маё запрашэнне на каву, і з лёгкай прыкрасцю я падумаў пра тое, што зараз давядзецца апраўдвацца: мне не хацелася ні з кім дзяліць рэшту часу да ночы.

      Але адбылося тое, чаго я ніяк не чакаў. Ці то на маім твары было столькі тугі, ці то Надзея ўжо ведала пра здарэнне і неяк уяўляла тое, з чым мне давялося сутыкнуцца, але ў яе вачах, калі я прыпыніўся ля сваіх веснічак, каб павітацца з ёй, пабачыў спагаду. Такую незвычайную, цёплую, што ажно разгубіўся: так глядзеў на мяне толькі адзін чалавек – мама. Але мамы два гады як няма…

      – Несалодкі быў дзень? – замест прывітання клапатліва пацікавілася