Старая выкiдала з печы цёплыя, што пахлi ўжо гаркаватаю карою, алехавыя ружаватыя дровы, азiралася на дзверы, за якiмi драпалася i вiшчала ўпушчаная некiм ноччу ў сенцы трапяткая сучачка. Гаварыла да яе:
– Во якая ты, сядзiш там, а шашка не дапiльнавала.
– А дзе яна дапiльнуе, калi ён, няхай яго нарат, недзе са стопкi нару пратачыў, – сказаў стары, нагнуўшыся над цэбрам i фыркаючы ад вады, што сцякала ў яго з броваў i носа.
Пачырванелы ўжо ад пруткага палатнянага ручнiка, прыгладзiў абедзвюма рукамi свой натапыраны сiвы чубок i гукнуў на Iмполя, што яшчэ ляжаў на разасланым сярод хаты кулi саломы, цiкуючы блiшчастымi ад сну вачмi, дзе паварочвалася Алеся, як цiкуе, стаiўшыся, за пташкаю кот.
– Уставай, Iмполь, добрыя гаспадары, не тыльма што, даўно намалацiлiся.
Iмполь скоранька падхапiўся i, свецячы праз раз’еханыя ў споднiках дзiркi ружаватымi каленьмi, стаў нацягваць порткi, блытаўся са спеху ў калошах.
– Другая толькi гадзiна, цi не рана яшчэ? – заступiлася за Iмполя маладзiца, але сцягнуўшы з раз’еханае саломы радзюжкi, пачала скручваць яе ў адзiн вялiкi куль. Ад перацёртае, мусiць, леташняе, саломы паднiмаўся гаркаваты пыл.
– Дайце ж я сам, – папярхнуўся ад едкае i горкае саламянае пацярухi Iмполь.
– Хiба ж я не здужаю? – разагнулася маладзiца, i ў яе вачах блiснуў ясны язычок агню ад лямпы.
Iмполь, чуючы на сабе гэты пiльны блiшчасты зiрк, адступiўся, прысеў на лаву, угнуўшыся, пачаў накручваць на нагу каравую парцяную анучу.
Стары малацьбiт, ужо адзеты ў нявыдублены ломкi кажух, нейкi раптам як паменшаны ў сваёй вялiкай авечай шапцы, запалiў у закурэлым лiхтары невысокi агарак свечкi. Трымаючы за драцяны вочап лiхтар, папхнуў каленам дзверы – у хату, угiнаючы галаву i вiляючы шчуплым хвастом, ускочыла сучачка. Баязлiва пашылася пад лаву.
– Во, i ты тут ужо, – маладзiца за перавясла падняла раз’еханы, шапаткi куль i ўслед за малацьбiтом, цярушачы на ток саломiны, панясла з хаты.
– Цапы хоць не забудзься, чуеш? – засмяяўся адтуль, з сяней, стары малацьбiт.
Iмполь наспех ужо, нацягнуўшы абедзвюма рукамi на голаў шапку, схапiў з памялешнiка яшчэ ўчора вечарам напраўленыя, з новымi бiчамi i вушкамi, цапы i, чапляючыся iмi за вушак, выйшаў у сенi. У густой, што церушылася, як мак, цемнаце наткнуўся на маладзiцу. Тая войкнула i ўпусцiла з рук шапаткi куль саломы.
– Што, пабучавалiся там? – засмяяўся знадворку стары, закрываючы ад ветру лiхтар.
– Ага, – аказалася з чарнаты сяней маладзiца.
– Сваякамi будзеце.
– Чаму?
– Знак такi, – ужо здалёк, з надворка, аказаўся малацьбiт – туды за iм паплыла, трапечучыся i маргаючы, рэдзенькая яснасць ад лiхтара.
Маладзiца, высунуўшыся з сяней, бачыла, як мужчыны, закрываючы сабою лiхтар, памаленьку сунулiся да гумна, перад iмi высокаю сцяною ўставала чарната ночы. Рассоўваючы яе, на густым частаколе плота бегала святло ад лiхтара, высвечвала сюды, пад хату, вузкую раскiслую сцежку.
Пад страхою шастаў, iрваў салому вецер.
Маладзiца, здрыгануўшыся ад сырога,