Аўдавеў Улас Корсак даўно, але браць у хату новую гаспадыню не хацеў: ужо дзеўкаю была Алеся – яна абмывала i абшывала мужчын. I ўсё было добра, покуль дома сядзела Алеся, а выйшла замуж – адразу перавярнулася гаспадарка – нiдзе парадку няма: нi ў полi, нi ў хаце. I Корсак узяў гадаванку.
А Хрысця спрытная кругом была – i да гуляў, i да работы, i хараством удалася: валасы густыя, рудаватыя, твар чысты, белы, нос дробны i рот свежы, як у дзiцяцi. Iншаму маладому мужчыну быў iнтарэс як бы няўзнак паглядзець ды пагаварыць з маладою дзеўкаю. I ён сядзеў да тае пары, покуль не прыбягала жонка i, стукнуўшы ў акно, крычала глуха з надворка:
– Снедаць iдзi, каб ты карчом сеў!
Селявiк нехаця, упiраючыся рукамi ў каленi, уставаў з парога, гаварыў, што вот жонка гудзе, як калаўротак, што пасядзець не дасць, i браўся за клямку.
Управiўшыся дома, перад полуднем збiралiся дзяўчаты: прыносiлi абвязаныя хусткамi праснiцы з тоўстаю кудзеляю – iхнiя калаўроткi стаялi ў Корсакавай хаце яшчэ з учарашняе ранiцы. Але прадзiва не было – дзень перад калядамi малы, як у зайца хвост, а на шарай гадзiне прыходзiлi хлопцы, падсаджвалiся да кудзельнiц, неўпрыкметку скiдалi з калаўроткаў шнуры, адбiралi лёгкiя i голыя яшчэ верацёны, а як з куткоў вылазiў i блытаўся пад нагамi рэдзенькiм растрэсеным пачассем мяккi поцемак, бралi каторую за рукi i цягнулi за плiту на ложак. У хаце стаяў сыты рогат давольных хлопцаў i востры, тонкi крык дзявок. Чэз, налiваўся слепатою сiнi вечар, у хаце гусла, хоць ты бяры яе навобмацак, цемната. Ужо было не пазнаць у твар чалавека, хiба толькi па росце, калi ён устане, цi па носе, калi ён паверне яго напроцi акна. Ружаватым агнём пыхкалi i тлелi папяросы. Дзяўчаты сядзелi без работы, паставiўшы ў кут праснiцы i пазатыкаўшы за кудзелю верацёны, i з iмi ўжо дзеразавалiся хлопцы.
У хаце яшчэ ўсё не запальвалi лямпу. Цiш мяшалася з цемнатою. I толькi чуваць было, як некаторыя з дзявок пацiхеньку прасiлiся ў хлопца:
– Ах, божа, пусцi! Цi чуеш, пусцi…
А потым, лiпка прыстаўшы, ляснула рука, мусiць, па чужой.
– Каб ты не даждаў! – раптам закляла i падхапiлася з ложка дзеўка.
Але вось нехта шлупаўся ў сенях, вобмацкам шукаючы клямку, адчыняў дзверы i ставiў з прыходу вядро – поўнае, бо чуваць было, як глухавата дзынкнуў аб яго вочап.
– А чаму ж лямпу не запалiце? – спытаўся ў цемнаце i грукнуў, зачыняючы дзверы, стары Корсак. Ён ужо, мусiць, накармiў скацiну.
Аднекуль з кутка выйшла Хрысця. Напроцi акна было вiдаць, што ў яе раскалмацiлiся нiзка падрэзаныя валасы. Падступiўшыся, зняла лямпу i панесла пад акно – выцiраць закуранае шкло i падлiваць