– А хто ж вам нараiў да нас зайсцi? – спытала маладзiца, вярнуўшыся ў хату i забiраючы пад пахi яшчэ два боханы хлеба.
– Духам чуем, што ў хаце гаспадара нямашука, – у старога скрывiлася губа i стаў вiдаць чорны, дуплявы зуб. – Хто ж так прыбiвае? – паказаў ён на покуць, дзе быў крыва прыбiты трыкутнiк палiчкi. – Вiдаць, што бабская работа.
– Гэта ж праўда, – засмяялася маладзiца, прыжмурыўшы адно вока. – Я прыбiвала, – прызналася ўжо яна, трымаючы пад пахаю два боханы i папiхваючы локцем непрычыненыя дзверы.
– Мо людзi галодныя? – сказала старая, калi маладзiца вярнулася ў хату.
– Во i праўда, мы сягоння капусты наварылi як на велькую сям’ю, – яна зiркнула толькi на маладога – ён засаромеўся i замыляў губамi, не ведаючы, што сказаць.
– У такiм разе можам памагчы, праўда, Iмполь?
– Во, цэлы гаршчок, – маладзiца падышла да прыпека, адняла засланку i, прыгнуўшыся, паглядзела ў печ. Мужчыны моўчкi глядзелi на яе белыя вышай лытак ногi, бо iх улетку хавала ад сонца нiзкая доўгая спаднiца.
З прыпека запахла кiслаю капустаю. Малады каўтнуў слiну i зняў шапку – чорныя валасы яго адлiвалi сiнявою.
– Падсажвайцеся да стала, – маладзiца паставiла на стол глiняную мiску i паклала дзве счарнелыя драўляныя лыжкi.
Мужчыны паднялiся з лавы, распранулiся i, склаўшы тут, дзе сядзелi, адна на адну адзежу, зверху яшчэ прытаптаўшы яе шапкамi, падышлi да стала.
Трымаючы анучамi гарачы гаршчок, маладзiца налiла ў глiняную мiску капусты: спярша рэдкага шчолаку, проста з гаршка, а потым гушчы, чэрпаючы ўжо лыжкаю.
Стары паднёс расхiстаны, з клiнкамi ў ножках, заслон, папробаваўшы, цi будзе стаяць, сеў.
Малады таптаўся зводдаль, усё хаваючы за спiну рукi – у яго паркалёвай рубашцы павылазiлi локцi.
– Чаго ж стаiце, садзецеся! – маладзiца вярнулася да прыпека i прынесла тонкi, што ўжо з’еўся, нож.
– Як даюць, то бяры, а як б’юць, то ўцякай, га? – абярнуўся i сказаў за плячо старэйшы мужчына.
– А хто ж яго тут будзе бiць? Дый цi дасi такому рады? – зiрнула на хлопца i засмяялася, крывячы мяккую з залацiстым пушком губу, сытая маладзiца.
– Можна, толькi дзе ўзяцца, – махнуў натапыраным чубком валасоў стары лысаваты малацьбiт.
Малады, чырванеючы i не паднiмаючы вачэй, цiха прымасцiўся на заслоне.
Мужчыны, сцiшыўшыся i моцна сёрбаючы, пачалi есцi. Маладзiца бачыла, як у Iмполя варушылiся скiвiцы. Яна глядзела на яго гладкi карак, на закручаныя ў лагчынцы валасы, на яго шырокiя плечы, на якiх не сыходзiлася тонкая паркалёвая рубашка, i падумала, што вот добра, што ён наняўся