– Ён і адправіць! – злосна запярэчыў Пранціш. – Будзеш сядзець з мужам цераз сценку, ён на ланцугу, ты на ланцугу. Дзяцей сіротамі пакінеш!
За акном заскуголіў вецер, зашаргатала лістота, нібыта хтосьці падкрадаўся да дому, у якім ужо чатыры месяцы не было гаспадара. Жылібер задумліва прамовіў:
– Даведацца б, ці праўда Барталам’ю ў доме барона, і дзе яго трымаюць. Але абы да каго таемнага генія не прывядуць. Тут трэба асабліва важны кліент з асабліва складанай хваробай, каб яны баяліся памыліцца. А месье Лёднік – выдатны дыягност, qui bene dignoscit – bene curat.[13]
Вырвіч нахмурыўся, успамінаючы расповеды апытаных пацыентаў: – Адзін маркіз расказваў, што пасля некалькіх няўдалых візітаў – ніяк не маглі падабраць лячэнне, Бяскоўскі змусіў яго на пару хвілін надзець “сляпую” маску – маўляў, хай засяродзіцца на адчуваннях, дзе яму баліць. Тады ў пакой яшчэ нехта ўвайшоў, маркіза хуценька і даволі груба – ён нават трохі абураўся такой непавагай, – абмацалі. Потым доктар з некім раіўся, а калі з маркіза знялі маску, пра ягоныя болі доктар усё і распавёў, як гадалка. Цалкам магчыма, што да кліента, пакуль той не бачыў, і падводзілі Лёдніка.
Жылібер пацёр упартае падбароддзе.
– Верагодна. Але дзе ўзяць маркіза ці якуюсь каралеўскую пасію, якія згодзяцца нам дапамагчы? Можа, вы, пан Вырвіч, пагаворыце з якім земляком, з кола Радзівіла ці Багінскага?
Пранціш пачаў ліхаманкава перабіраць у галаве радавітых знаёмцаў – гэты занадта невысокага палёту для прагрэсістаў, той дзеля здрадніка-доктара і пальцам не варухне… Доктар жа лічыўся ў колах канфедэратаў наёмнікам Тызенгаўза, і, адпаведна, Панятоўскага, якога французскія ўлады з падачы эмігрантаў абвесцілі дыктатарам.
Раптам пачуўся з вітальні спалоханы голас Хвэлькі, і нечыя хуткія абцасікі застукалі па наваскаванай падлозе, як быццам падалі ігральныя косткі, паказваючы “венеру”, і глыбокі, усхваляваны жаночы голас вымавіў:
– Магчыма, я вам дапамагу, вашымосці?
У вітальні пераляканы Хвэлька прыціскаў да сябе няўважна скінуты яму на рукі мокры плашч з дарагога чорнага аксаміту. А ў пакой уваходзіла страчанае шчасце, падступная прыгажосць, птушка Сірын… У яе былі вялікія светла-зялёныя вочы, як у русалкі, велікаватыя вусны з горкай усмешкай, гнуткая постаць і здольнасць завалодваць увагай усіх прысутных – быццам яна стаяла на ярка асветленай сцэне і выконвала трагічную ролю.
Яна і жыла на сцэне… Былая егіпецкая прынцэса Серафіна – асістэнтка вандроўнага мага, былая прыгонная актрыса Слуцкага тэатра, былая нявеста каралеўскага драгуна Пранціша Вырвіча…
– Дзень добры, вашамосць Вырвіч!
Яна глядзела толькі на яго, быццам нікога больш у пакоі. І каб выяўлялася ў гэтым поглядзе насмешка ці халоднасць, дык і Пранціш змог бы падыграць. Але ў светла-зялёных вачах свяціліся ўсё тая ж адданасць, усё тая ж безнадзейная, сумная пяшчота. Калі сусвет перастаў звінець,