Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік). Ян Баршчэўскі. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Ян Баршчэўскі
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Школьная бібліятэка
Жанр произведения: Зарубежная классика
Год издания: 1844
isbn: 978-985-02-1547-5
Скачать книгу
паночык (думалі, што гэта сам гаспадар), пусці нас піраначаваць, ноч цёмная, нічаго не відна, і дарогу так замяло, што і найці няможна.

      – А ці ўмеіце сказкі да прыкаскі?

      – Да ўжо ш як-нібуць скажым, калі толька будзе ласка панская.

      Адчыняюцца вароты, на падворак заязджае некалькі вазоў, насустрач выходзіць дзядзька і кажа:

      – Ну, добра, будзеце мець вячэру і сена для коней, толькі з умовай, што хто-небудзь з вас павінен расказаць мне цікавую казку.

      – Добрэ, паночык, – адказваюць сяляне, здымаючы шапкі і кланяючыся.

      Вось выпраглі яны і прывязалі да вазоў сваіх коней, паклалі ім сена, зайшлі ў пакой для чэлядзі, абтрэслі снег, там далі ім вячэру; пасля яе сёй-той з іх прыйшоў у пакой да майго дзядзькі, ён даў ім яшчэ па кілішку гарэлкі, пасадзіў падарожных каля сябе і ўлёгся ў пасцель з намерам, аднак, слухаць казкі. Сабраліся сямейнікі, і я сеў паблізу, з вялікай цікавасцю жадаючы пачуць новыя яшчэ для мяне простанародныя аповесці.

      Апавяданне першае. Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем

      Не кожны чытач зразумее беларускую мову, дык гэтыя народныя апавяданні, якія пачуў я з вуснаў простага люду, вырашыў (наколькі змагу) у даслоўным перакладзе напісаць па-польску.

      Падарожны гэты быў чалавек не маладых гадоў; валасы меў сівыя, але быў здаровы і моцны. Калі апавядаў пра сваё мінулае, здавалася, маладзеў; крыху падумаўшы, пачаў так:

      – Не казку пану раскажу, а тое, што было ў сапраўднасці, што здарылася нават са мною. Горкім бывае часам нашае жыццё, але хто спадзяецца на Бога, – Бог злітуецца і ўсё пераменіць на лепшае. Бяда таму, хто, прагнучы багацця, прадае сваю душу пеклу.

      У маладосці маёй, памятаю, мелі мы пана К. Г. Злы гэта быў пан, страшна ўспомніць, што ён рабіў: хлопцаў і дзяўчат жаніў і замуж выдаваў, не хочучы і ведаць ні пра іхнія сімпатыі, ні пра іх мінулае шчасце: ні просьбы, ні слёзы не маглі яго ўлагодзіць; вяршыў сваю волю, здзекуючыся з людзей без усялякае літасці, конь і сабака былі яму даражэйшыя, чым хрысціянская душа. Меў ён лёкая Карпу, злога чалавека; і яны абодва, спачатку пан, а пасля пахолак, прадалі свае душы д’яблу. А было гэта так.

      З’явіўся ў нашым маёнтку – невядома адкуль – нейкі дзіўны чалавек. І цяпер яшчэ памятаю аблічча, твар і адзенне яго: нізкі, худы, заўсёды бледны, вялізны нос, як дзюба драпежнае птушкі, густыя бровы, пагляд яго – як у чалавека ў роспачы ці вар’ята, апранахі яго – чорныя і нейкія дзіўныя, зусім не такія, як у нас носяць паны ці ксяндзы; ніхто не ведаў, ці быў ён свецкі, ці манах які, з панам размаўляў на нейкай незразумелай мове. Пасля адкрылася, што гэта быў чарнакніжнік, які вучыў пана рабіць золата і іншыя д’ябальскія штукі.

      І хоць у той час я быў зусім маладзён, аднак мусіў адбываць у маёнтку чаргу начнога вартаўніка, абыходзіць усе панскія будынкі і стукаць малатком у жалезную дошку. Няраз бачыў, як акурат апоўначы ў панскім пакоі гарэла святло, і ён там з чарнакніжнікам пастаянна быў нечым заняты; усе заснулі,