Шмат і іншых паданняў у тым краі кружыць сярод простага люду; у многіх з іх згадваюцца гістарычныя выпадкі, іншыя ж – болей плён фантазіі ды меланхалічнага духу, што вызначае жыхара гэтых дзікіх і лясістых ваколіц; ад прыроды ён здольны да жвавае думкі, уяўленне яго стварае дзіўныя карціны. Асобныя з тамтэйшых простанародных паданняў я перадаў у баладах, змешчаных у трох томіках альманаха «Nіezabudka»,[14] а менавіта: «Дзявочая крыніца»,[15] якая знаходзіцца на поўнач ад горада Полацка, схаваная ў ценю адвечных лясоў; «Дзве бярозы»,[16] якія і цяпер люд паказвае непадалёку ад берагоў возера Шэвіна; «Курганы»;[17] «Русалка»,[18] ўзятая з песні чараўніцы, якая, сумуючы па сваім каханым, спявае:
Гусанькі, лябёдэнькі,
Скіньця мне па пёрэчку,
Я з вамі полечу.
Бываюць тут часамі ў нядзелю кірмашы; людзі збіраюцца з бліжэйшых вёсак у касцёл. Там на могілках можна бачыць сцэны, якія наводзяць на душу смутак. Вось удава з малымі дзецьмі ля драўлянага крыжа, які стаіць над магілаю яе мужа, а там сіраты над магілаю бацькоў выказваюць сваю журбу голасам, які раздзірае сэрца; калі хто наблізіцца да іх і падслухае іхнія словы, – яны зайздросцяць мёртвым, і гэтыя слёзныя скаргі, здаецца, працялі б і каменныя грудзі. Пасля набажэнства ўсе збіраюцца ў адным месцы, дзе-небудзь паблізу карчмы; тут з’яўляецца некалькі жыдкоў[19] са стужкамі, іголкамі і рознымі блішчастымі аздобамі для адзення; падае голас адмысловая беларуская дуда.[20] Распачынаецца музыка[21] пад адкрытым небам; малады хлопец, і сівы дзед, падхмеленыя гарэлкаю, скачуць да поту, іх радасць часта пераходзіць межы прыстойнасці. А журботныя плачкі, якія нядаўна заліваліся слязьмі над магілаю мужа і бацькі, скачуць пад мелодыю дуды:
Слава тобе, Хрыстэ цару,
Што мой муж на цмэнтару,
І бяды позбылася,
І гарэлкі напілася.
Або таксама:
Калі ж тая серада прашла,
Як