Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік). Ян Баршчэўскі. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Ян Баршчэўскі
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Школьная бібліятэка
Жанр произведения: Зарубежная классика
Год издания: 1844
isbn: 978-985-02-1547-5
Скачать книгу
дружная і вясёлая забава. Але раптам Грышка пачынае нейкага шалёнага казака,[51] госці крычаць, просяць, каб іграў «Цярэшку»,[52] спяваюць: «Цярэшкі біда стала, з кім яго жына спала». Ён не зважае на гэта, нікога не слухае, а ўсё грае ды грае сваё без усякага ладу. Тут Акім выбягае на сярэдзіну і пачынае, як шалёны, скакаць невядома што; дзівяцца ўсе, гледзячы і не разумеючы, што з ім зрабілася: вочы вырачыліся, твар змяніўся. Просяць аднаго і другога, каб адзін пакінуў граць, а другі – скакаць. Нічога не дапамагае. Ніякіх просьбаў не чуюць. Звар’яцелі абодва. Хацелі ўтрымаць – мармыча нешта незразумелае, вырываецца, зноў скача, і дудар грае беспярэстанку. Парамон збоку глядзіць на гэта і гучна смяецца.

      – Не рушце іх, – кажа, – няхай павесяляцца. Другі раз не захочуць з кожным задзірацца.

      Карпа просіць, каб дараваў ім і загадаў спыніцца.

      – Няхай яшчэ пагуляюць, – адказаў Парамон. – Гэта іх навучыць паважаць і шанаваць людзей, разумнейшых за сябе.

      Доўга пакутавалі дудар і Акім ад гэтага шалу. Ужо і поўнач мінула, і другі раз певень праспяваў. Нарэшце Грышку пакідаюць сілы: ён выпускае з рук дуду і падае, самлелы, на дол. Акім хістаецца, увесь учарнеў, нібыта перад смерцю. Гэтак задаволіўшыся помстаю, Парамон нешта пашаптаў, даў ім вады і, калі яны супакоіліся, узяў шапку, пакланіўся гаспадарам і пайшоў дадому.

      Гэты выпадак парушыў увесь лад. Госці адзін за адным дзякавалі гаспадарам за іх ветлівасць і, зычачы багацця і шчаслівых дзён, выходзілі за дзверы.

      Тут пан Завальня перапыніў:

      – Кажуць, што некалі даўней, калі людзі больш дбалі аб славе Божай, такіх чараўнікоў палілі на агні або кідалі ў ваду. Чуеш, Янка, што робяць людзі, калі пабратаюцца з д’яблам? На свеце трэба быць асцярожным, чуў я за сваё жыццё шмат пра каго з такіх шкодных чараўнікоў, як Парамон.

      – Можа, дзядзечка, рабіў ён гэта з дапамогаю нейкіх зёлак, можа, дудару і Акіму падліў у гарэлку блёкату ці іншае атруты, ад якой чалавек шалее.

      – Не зёлкі такое робяць, а моц шатанская. І шкада, што вучоныя людзі не надта ў гэта вераць. Сам я ведаў аднаго паніча, які пра ўсё так казаў, быццам ніколі не вучыў ні катэхізіса, ні дзесяці прыказанняў Божых. Але што ж далей?

      – Пасля свайго вяселля Карпа пачаў жыць не па-нашаму: хутка пабудаваў другі дом з вялікімі вокнамі, завёў сад, дзе цвілі вішні і яблыні, і жыллё яго больш было падобнае да шляхетскае сядзібы, чым да простае хаты. Так зафанабэрыўся, што пасадзіў пад вокнамі такія ж самыя кветкі, як і ў панскім садзе, з якіх аніякае карысці няма. Агапцы забараніў насіць шнуроўку і хустку, а загадаў апранацца ў такія паркалёвыя сукенкі, якія носяць шляхцянкі. Не хацела яна мяняць свайго ўбору. Ведала, што ўсе, бачачы яе ў дворскай вопратцы, будуць называць гультайкаю. Але ўсё ж мусіла пагадзіцца з ягонаю воляю і ў такім уборы палівала кветкі: Карпа меў шмат парабкаў – было каму ісці з сярпом на жніво. Пан бываў у яго на гасцінах. Меў Карпа грошы, меў і павагу, але ці ж у гэтым шчасце?

      Заўсёды ён быў неспакойны ў


<p>51</p>

Казак, або казачок – імправізаваны сольны мужчынскі танец.

<p>52</p>

Маецца на ўвазе старажытная беларуская калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі».