Тэорыя змовы. Уладзіслаў Ахроменка. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Уладзіслаў Ахроменка
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2011
isbn: 978-985-6991-22-9
Скачать книгу
з раніцы на дагледжаным гародчыку стромка выцягваліся сакаўныя стрэлы цыбулі, бухмаціўся пяшчотны кроп, раскашавала маладая пятрушка. Цяпер жа грады з падушанай гароднінай глядзеліся, рыхтык, апаганеныя могілкі. Павялае зелле, зацярушанае свежай зямлёй і ачахлым яблыневым квеццем, адно ўзмацняла недарэчнае падабенства.

      Дзед Талаш прысеў на кукішкі, прыўзняў было цыбульнае пер’е, але яно бязвольна завалілася долу. На вільготнай зямлі рэльефна адбіваўся след казлінага капыта.

      – Во быдла рагатае! – смачна плюнуў дзядок.

      – І гэта ж трэба такой скацінай быць! – апантана загаласіла Талашыха. – Колькі ж мы ў тую зямельку ўсяго паўкладалі!

      – Мо, які вораг народа казліныя капыты начапіў? – задуменна дапусціў Талаш. – Смалы яму з каланіцы!

      – Халеры ягонаму бацьку і трасцы ягонай мацеры! – салідарна адгукнулася старая скрозь слёзы. – Не даў нам Гасподзь дзетак, не даў шчасця… Вось і крыўдзяць нас розныя…

      Адбіткі капытоў былі зусім свежыя. Злачынства вымагала неадкладнага пакарання. Дзед Талаш з няўхільнасцю народнага мсціўцы выдраў са штыкетніку дрын і падаўся па слядах шкодніка. Талашыха баязліва сунулася следам і трагічна шаптала:

      – Божухна, за што?..

      За чыгункай сінела матэчная пушча. Ад яе патыхала партызанскімі спевамі і рамантыкай рэйкавай вайны. Каля сіласнай ямы грувасціўся трактар «Беларус», і сакавіты мат калгаснага брыгадзіра перакрываў тарахценне рухавіка.

      Казліныя сляды вялі ў гушчар, над якім узвышалася рагатая машта ЛЭП. Нізка гулі драты, і брынклівае казлінае мэканне дадавала краявіду злавеснай напругі.

      Дзед Талаш сціснуў дрын вузлаватымі пальцамі. Талашыха чвякнула разношаным кедам і спалохана сцішылася. Знянацку танальнасць мэкання змянілася; цяпер у ім прабіваліся відавочна агрэсіўныя ноткі.

      – Каб табе, быдлу рагатаму, павылазіла! – старыя адважна ламануліся праз хмызы.

      Пад сталёвай маштай лунала нябёсная аблачынка з пёркаў і пуху. Пачварны чорны казёл катаў паміж бярозаў і соснаў пяшчотнае пуцаценькае немаўля. Абсмаленая трава суха храбусцела пад капытамі.

      Талашовы дрын бязлітасна ляснуў паміж рогаў. Парнакапытны затрос скрываўленай барадой і злосна загырчэў. Вочы наліліся інфернальным святлом. Казёл схіліў голаў і пайшоў было ў наступ, але дзядок спрытна садануў дрынам па чорнай дупе з кароткім хвастом.

      – Кала табе ў сраку, а не дзіцятка! – пераможна выгукнуў ветэран.

      Казёл узбрыкнуў, злякана серануў і кінуўся ратавацца ў калючыя хмызы. Талаш праводзіў рагатае быдла шчырымі партызанскімі пажаданнямі.

      Старая неадкладна падхапіла немаўля. Пуцаценькі, вельмі падобны да херувіма, даверліва цягнуў ручкі і ласкава пасміхаўся. Толькі цяпер дзед з бабай угледзелі, што на спіне ў дзіцёнка крывавяцца дзве доўгія ранкі. Пэўна, гэта былі сляды казліных рогаў.

      – Ой, бацюхна!.. Ой, матухна!.. – старэча абярэжна захутала дзіцёнка ў плюшавую душагрэйку і прыціснула да грудзей. – Што ж за казлы такія пайшлі…