Парыж, Эйфелева вежа і…. Виктор Правдин. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Виктор Правдин
Издательство: Автор
Серия:
Жанр произведения:
Год издания: 2023
isbn:
Скачать книгу
хоць і зляцела з языка гэтай напорыстай дзяўчыны, але каб яго назвалі п’яўкай і масляком, ды яшчэ абмакнутым, гэта было занадта. Алесь шукаў словы, каб упікнуць нахабніцу, і не знаходзіў. Словы скончыліся, выслізнулі з галавы, гледзячы ў дзявочыя прамяністыя сінія вочы ён раптам адчуў сябе брыдка ад асабістага хамства.

      «Што са мной здарылася? Адкуль ваяўнічая непрыязнасць да жанчын?.. – са скрухай падумаў Гурскі. – Няўжо развод з Люсяй гэтак падзейнічаў?..»

      У майстэрні запанавала нацятая цішыня.

      – Ты, Насця, трымай язык на прывязі, – крактануў у кулак Ціхан. – Пан Гурскі мае права быць незадаволеным… А Вы, міл чалавек, не свавольце, не да твару Вам з дзяўчынай…

      – Што за шум, а бойкі няма? – па-гаспадарску разняволена ўваліўся ў майстэрню Дабрынкін.

      Убачыў машыну, і з загарэлага твару паволі спаўзла белазубая фальшывая ўсмешка.

      – Ну і ну! – вырвалася міжвольнае, але старшыня імгненна спахапіўся, узяў Гурскага пад руку, пацягнуў да выхаду і, як даўняму знаёмаму, з напускной бравадай засакатаў: – Ну і хай сабе… Сцяпан Іванавіч ведае што робіць!.. Выгляд у яго не сяброўскі?.. Дык ўвагі не звяртайце… Ён вялікі і целам, і дзелам… А потым, на лобе ні ў каго не напісана, які ён… Па рабоце майстра відаць… Калі «мерседэс» разабраў, значыцца, гэтак трэба… Хто не ўмее, той заўсёды памыляецца… А мой цесць ніколі не памыляецца… Ён тэхнік ад Бога… Не верыце мне, дык у людзей запытайцеся… Людзі скажуць!..

      Алесь слухаў Дабрынкіна і не чуў. Лёгкім далёкім фонам гулі словы, быццам з сапсаванага радыёпрыёмніка, трошкі кружылася галава, а ў скронях бухала адно: «Масляк абмакнуты…»

      – Так што за машыну не хвалюйцеся, – вёў рэй старшыня, – Ціхан – чалавек дзіўнаваты, але адказны, добры. Жонку любіць, дачку песціць, ва ўнучцы зусім душы не чуе… А таму, што бачылі і чулі ў маім кабінеце, не верце… І ён, і я ведаем, на чым свет стаіць… Канешне, лепш сказаць – на кім. А трымаецца свет на нас з Вамі…

      – На нас?.. – перапытаў Алесь і раптам прасвятлеў тварам. – А не маглі б Вы, Дзмітрый Дзмітрыевіч, даць ключы ад «крайслера»?

      – Свет на людзях трымаецца… На гаротных і грэшных, баявых і баязліўцах, – быццам не чуючы Гурскага, запінаючыся, прашаптаў Дабрынкін і ліпкім недаверлівым позіркам абмацаў госця: ён цягнуў час, сіліўся разгадаць намер «сталічнай штучкі».

      – Вы загубілі маю машыну, дык я паеду у Парыж на Вашай, – рашуча заявіў Алесь.

      – А-а-а, Вы пра Парыж!.. – ускрыкнуў павесялелы Дабрынкін. – І чаму мне гэтая думка адразу не прыйшла ў галаву?.. Падтрымліваю… Чэсны і справядлівы абмен… Канешне, часовы, пакуль «мерседэс» у рамонце… І не хвалюйцеся, раніцай справім дакументы, а цяпер, калі ласка, да нас на вячэру… Марыя Сцяпанаўна зачакалася… Прыспела, так сказаць, гаспадыні ўзяцца за талерачкі, а гаспадару паднесці госцю гарэлачкі…

      Ужо на вуліцы Дабрынкін азірнуўся на цесця, крыкнуў:

      – І Вы, Сцяпан Іванавіч, паспяшайце, нашы жанчыны чакаць не любяць…

      – Я пазней