Мы пераглянуліся і асьцярожна палезьлі ўніз. Саскочылі на зямлю і толькі тады выдыхнулі.
«Юля! – крыкнуў я. – Юля!»
«Юля-а-а!» – залямантаваў Анцік такім голасам, нібы яму рвалі зубы без замарозкі.
«Добрай раніцы, – пачулі мы зусім блізка яе насьмешлівы голас. – Ня трэба так крычаць. Вы яе напужалі».
Мы з Анцікам кінуліся на яе голас, проста ў гушчу туману – і не паверылі сваім вачам. Варта нам было зрабіць крокаў дзесяць – як мы выйшлі з нашага туманнага палону на бераг ракі, а там…
Над ракой туману не было. Толькі шызая празрыстая смуга і шэрае неба. Смуга, неба і цішыня. Непралазны туман клубіўся абапал ракі, як дзьве белыя сьцяны, але на берагах, што на гэтым, што на тым, было чыста. Юля сядзела на кукішках каля самай вады і глядзела на яе так уважліва, быццам рыбу ў ёй лавіла. Мне нават падалося, што мы неяк не ў пару тут зьявіліся. Перашкодзілі мы ёй, ці што?
«Не хацела вас будзіць, – сказала Юля. – Але калі вы ўжо ўсталі, не крычыце, ня румзайце і паводзьцеся прыстойна».
«Гэта яшчэ чаму? – засоп Анцік. – Калі я крычу ці румзаю, мне, напрыклад, робіцца лягчэй».
«Напрыклад… – перадражніла яго Юля. – Слухайце, вы можаце трошкі памаўчаць?»
«Хопіць крыўляцца, Юля, – сказаў я. – І гаварыць загадкамі. Каго мы можам тут напужаць?»
«Яе, – сказала Юля і паказала пальцам на ваду. – Рэчку».
Мы з Анцікам падышлі да вады і ўтаропіліся на яе, як два дурні. Вада была цёмная, брудная, дна не відаць, каля берага ляжала, падрыгваючы зеленаватая пена. Я хацеў зачарпнуць трохі, каб умыцца, але не наважыўся. Пабаяўся: раптам на твары балячкі зьявяцца. Ці наогул скура зьлезе. Нахіліўся над вадой, каб паглядзець на свой твар – але вада задрыжэла ад раптоўнага ветру, і я так нічога і не пабачыў.
«Ну яе! Мы ў гэтай рэчцы ледзь не патанулі, – сказаў Анцік. – І ніякая гэта ня рэчка. А проста нейкая мёртвая лужына, глыбокая, небясьпечная і брудная».
«Але да берага даплыць было можна, – сказаў я. – Калі б некаторыя ўмелі плаваць…»
«Вось бы зараз ванну, – уздыхнуў Анцік. – Цёплую… А ня гэтую канаву».
«Можа, табе яшчэ і качачку гумовую хочацца? – раззлавалася Юля. – Маленечкі ты наш. Перастань яе крыўдзіць!»
«Каго? Раку? – крыкнуў Анцік. – Рэкі не крыўдуюць! Вось зараз вазьму і плюну ў яе!»
«Я табе плюну, – сказала Юля, і вочы ў яе ўспыхнулі ад злосьці. – Глядзі, каб яна ня плюнула ў адказ!»
«Ну і цалуйся са сваёй рэчачкай!» – махнуў рукой Анцік і вусны яго задрыжалі.
«Ціха вы, – сказаў я. – Нам нельга сварыцца, як вы не разумееце?»
«Рака нас уратавала, – ціха сказала Юля. – Памятаеш, уначы, калі наш аўтобус тануў? Нехта быццам бы прыўзьняў аўтобус над вадой. Р-раз – і мы паплылі, як на караблі».
«Памятаю, –