Автор: | Франс Эмиль Силланпяя |
Издательство: | Электронная книгарня |
Серия: | Noblesse Oblige |
Жанр произведения: | Зарубежная классика |
Год издания: | 1919 |
isbn: | 978-985-7210-28-2 |
які цяпер жыў не на хутары Нікіля, а ў іншым месцы. З тае пары, калі яго ўзялі ў новы дом, ён больш не пакутаваў ад голаду. У гасподзе Туарыла нават у самыя цяжкія часы не мелі патрэбы падмешваць у хлеб чаго-небудзь болей за траціну, дый то гэткі хлеб пяклі ўсяго якую пару разоў за ўсю зіму. Гаспадар Туарылы рабіў гэта, каб пазбегнуць розных плётак на гэты конт, таму што быў у валасной камісіі па размеркаванні ўспамажэнняў. Добры хлеб нават у тыя часы ніколі не пераводзіўся ў гаспадарцы, не кажучы ўжо аб дарах жывёлагадоўлі. Туарыла была зусім не такая, як Нікіля, і не верылася, што яе гаспадар Кале быў братам Маі. Кале, мажны гарбаносы мужчына, меў звычкі і характар сапраўднага гаспадара і падсвядома цураўся сваёй недалужнай сястры. Юсі заўважыў гэта, калі двойчы прысутнічаў пры сустрэчах брата з сястрою. Было заўважна, што маці пабойваецца свайго брата, і яна ўжо назаўтра пакінула ягоны дом, радуючыся, што хлопчыку дазволілі застацца. А праз некалькі месяцаў яна вярнулася і дала зразумець, што прыйшла толькі дзеля таго, каб памерці ў родным кутку. І было відаць, што брат адчуў палёгку, калі Мая нарэшце сканала. Тады на Юсі на доўгі час найшло здранцвенне. У доме былі прасторныя чыстыя пакоі. У некаторыя з іх Юсі ніколі не заходзіў. Кармілі тут смачна і сытна, але кавы, якую ў старой гасподзе пілі па некалькі разоў на дзень, ніколі не давалі, хоць для сябе гаспадары і гатавалі яе. Ад добрых харчоў аслабелае цела хлопчыка хутка мацнела, але душа заставалася знямелаю і застылаю, нейкая хваравітая санлівасць завалодала ўсёй ягонаю істотай. Часцяком ён нават не разумеў, што яму загадваюць рабіць, куды пасылаюць. Ён проста стаяў і ў неразуменні прыдуркавата лыпаў вачыма. А калі ўсё ж мусіў ісці што-небудзь зрабіць, вочы адразу поўніліся слязьмі, бо ўсё тут было чужое, невядомае; яму нічога не тлумачылі, а толькі загадвалі. Спытаць ён не наважваўся і часам аслупянела стаяў сярод двара, аж пакуль гаспадыня, не дачакаўшыся, у нецярплівасці выскоквала на двор паглядзець, «куды гэта ён папёрся шукаць даёнку». А Юсі з задавальненнем збегаў бы па тую даёнку, каб толькі здолеў зразумець, што яму загадвае гаспадыня. З тае пары і пацягнулася за ім слава крыху дурнаватага няўклюднага хлопца. Калі Юсі, выконваючы які-небудзь загад гаспадыні, бесталкова мітусіўся ў прасторнай пякарні Туарылы, ён сам адчуваў, ды і збоку гэта было відно ўсім, што ніводзін яго крок, ніводзін ягоны рух не стасуюцца з цяперашнім асяродкам. Усё тут было зусім не гэткім, як у старой сялібе Нікілі. Гаспадар, якога маці ў размовах з сынам называла дзядзькам, быў для хлопчыка істотай надзвычай непасціжнай. Таму Юсі заўсёды называў яго «гаспадар» – звяртацца да яго іначай хлопчык не меў смеласці. Ён заўсёды быў заняты гаспадаркаю, заўсёды быў сур’ёзны, ніколі не напіваўся п’яным і не лаяўся са сваёй кабетаю, не кажучы ўжо пра тое, каб пабіцца з ёю. А гаспадыня зусім не баялася яго. Дзіўная халодная згода панавала паміж імі так, што немагчыма было стаць на чый-небудзь бок. Калі надыходзіў вечар, дык і гаворкі не магло быць пра тое, каб уцячы куды-небудзь з двара ў вёску. З парабкамі і служанкамі Юсі