– Я сказаў праўду! – вымавіў ён па слову, не адводзячы сваіх вачэй ад зрэнак следчага.
І следчы зразумеў усё. Але працягнуў усё яшчэ з пагрозай:
– Твае словы правяраюцца на раз-два. Зробім выгляд, што я табе паверыў. Ты думаў, што цябе чакае?
– А… што мяне можа чакаць? Я закон які парушыў?
– Хай я табе веру, але: ты думаеш, суд паверыць, што тыя матэрыялы, накіраваныя супраць канстытуцыйнай улады, з’явіліся ў тваім матрацы самі па сабе? – зноў мякка, быццам размаўляе з дзіцём, загаварыў следчы.
– Мяне будуць судзіць? За што?
– За захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў з мэтай распаўсюджвання.
– Але ж я не збіраўся нічога распаўсюджваць! Я не знаю, адкуль у мяне тыя лістоўкі! – смялей запярэчыў Мацвей следчаму, адчуўшы спагаду да сябе. – Чаму мне не павераць? Я ж кажу праўду… – з лёгкай разгубленасцю паўтарыў, як мантру, Мацвей, бо ён і па-праўдзе не уяўляў: як можна не верыць таму, хто гаворыць праўду?
– Суд верыць фактам. Факты супраць цябе. А таксама суд ведае, што дзевяць з дзесяці падсудных імкнуцца ўнікнуць адказнасці, і ў большасці выпадкаў з лістоўкамі ўсе тлумачэнні слова ў слова паўтараюць тваё: “Я нічога пра іх не ведаю”, – дзяліўся досведам, бы з сябрам, следчы, дадаў са шкадаваннем: – Цябе чакае прысуд у выглядзе штрафу, да пяцідзесяці базавых. Ды страшна іншае: у магістратуры судзімага з артыкулам за процідзяржаўную дзейнасць трымаць не будуць – дзяржава не дурная вучыць сваіх ворагаў. Ты вылятаеш без права на узнаўленне. З унясеннем у чорныя спісы – шлях у навуку для цябе закрыты. Па вясне цябе чакае служба ў войску – даведаешся, што там не мёд. Вось такая твая будучыня…
– Але ж… Я не вінаваты, гэта… гэта не лагічна! Няма ніякіх доказаў…
– Вось доказ! – Рэзка выгукнуў следчы і ляпнуў па аркушу. – Тут – пра знойдзенае пры табе у тваім матрацы. Якія яшчэ пытанні?
Мацвей маўчаў.
Следчы ўстаў з-за стала, падышоў да акна, павярнуўся спінай да Мацвея. Нейкі час ён маўчаў задуменна, не пазіраў на Мацвея. Потым гукнуў:
– Падыдзі сюды.
Мацвей разгублена узняўся са стула, зрабіў крок.
– Падыходзь да акна, паглядзі…
За акном была вуліца. Самая звычайная, ужо вясенняя, сонечная. Святлафоры бязгучна рэгулявалі сваімі пукатымі вачамі плыні людзей і аўтамабіляў.
– О, там пабач, на тым баку! – нечакана ўзрушана сказаў следчы, нават паказаў рукой. – Бачыш – жанчына пайшла на чырвонае святло… Бач, апомнілася, спынілася, павярнула назад. Так у жыцці заўсёды – ёсць правілы. Можаш парушыць – і трапіць пад колы. Вядома, кожны некалі робіць памылковы крок. Але кожнаму даецца шанс вярнуцца назад… Сядзь на месца.
Мацвей ледзь здолеў адарваць позірк ад вулічнага жыцця. Ён упершыню адчуў няздольнасць так проста выйсці і апынуцца там! Ніколі раней не было такога, каб ягоная воля і магчымасць былі абмежаваныя воляй і ўладай іншых людзей.