Рыта заўважыла маю адсутнасць тады, калі рукі суседа па дому скончылі даследаванне яе шыі і слізганулі ўніз па хрыбеціне.
Кажуць, што мяне не было гадзіну. Стаяла пасярод вусцішы адзіноцтва. Ішла паміж бетонам і бетонам. Пралязала пад невядомым. Пераскоквала праз нішто. Свет застаўся недзе па-за мною, па-за гэтым бясконцым домам, які вёў ўверх, уніз, управа, ўлева, у нікуды, у мяне.
Хлопцы і дзяўчаты разышліся па кутах і намагаліся зрабіць выгляд, што гэта няважна: проста выпадковыя кароткія размовы пасля сапраўды значнага абмену ўпрыгожваннямі, поўхамі і жартамі.
Падлеткі вывучаюць адно аднаго, дзеці – сябе, прыроду і нежывое.
Бетонны замак, бязладны і немагчымы, атачаў усіх нас абалонкай цемры.
Я ўбачыла дом дабудаваным, калі мне было сямнаццаць. Шэсць паверхаў, вастракутныя эркеры, цёмна-сінія металічныя гаўбцы, у якіх няма ні пагарды, ні велічы.
Травы дасягаюць грудзей, калі адысці далей ад мяжы горада. У межах горада ўсё пераўзыходзіць чалавечае цела, але гэта ўражвае менш за дотык зялёнай сцябліны, марудны рух слімака і шматгалоссе птушак.
Кожны год жыцця ўзмацняе ўнутры чалавека нешта такое, што робіць яго менш чулым да вышыні бетону, да плошчы шкла і хуткасці ліфтаў.
Бабуліна хата, будоўля каля дома маіх стрыечных сясцёр – памяць пра будынкі, якія амаль не падняліся ад зямлі, з кожным годам хвалюе ўсё больш.
Пакой
Раней неяк можна было жыць. Канечне, не так, каб набываць што заўгодна і не думаць, але над кожнай капейчынай разважаць не даводзілася. Пасля таго, як Іосіф памёр, а сама Іна выйшла на пенсію, стала цяжка. Не было сіл хітраваць і вылічваць, таўчыся ў буйных супермаркетах у акцыённыя дні, корпацца на лецішчы, цягнуць у жалкім металічным вазку гародніну і кветкі, не было ніякай магчымасці гандляваць гэтым ля метро, пільнавацца такіх жа старых, сцерагчыся міліцыянтаў, крычаць услед п’яным чырванаскурым мужчынам: «Прыгожыя букеты, нядорага, парадуйце жонку». Іна доўга думала, як для гэтага апрануцца, што зрабіць з голасам, куды глядзець. Відавочна, што яна ў жыцці была нечым, а як лепей: каб гэта было відавочна ці не? Будуць падыходзіць з жалем, маўляў, ай-ай, былая настаўніца, а зараз галеча, мы не такія, мы зусім не такія, таму можам дапамагчы, мы нават павінныя даць гэтыя грошы і ўзяць кветкі, узяць так, быццам яны непатрэбныя, несапраўдныя, быццам грошы былі дадзеныя проста так.
256 рублёў – што набываць, а з чым пачакаць, а пасля яшчэ пачакаць, і зноў адкласці?
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно