Крыштальная ноч. Дар’я Трайдэн. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Скачать книгу
застацца ў ёй, зрабіць ёй дзіця.

      Яна пісала «так, так, так», робячы памылкі. Тэлефон выслізгваў з пальцаў, што сцякалі яе сокамі. Кранала электронную клавіятуру, пакідаючы на экране плямы. Чытала праз прымружаныя павекі, праз галлё веек, праз чырвань прыліўшай да твару крыві. Рабіла рытмічныя жрэцкія рухі, пакуль цішыня не перарывалася гукам новага паведамлення. Глядзела на літары, якія ўзнікалі без перарыву, шчоўк-шчоўк, лісты падаюць у яе скрыню, папера праціскаецца ў яе раскрытую шчыліну, хутка будзе ўжо да верху, хутка перальецца, выбухне, сціснецца, як паміраючая зорка, разляціцца аскепкамі крышталю.

      Наступныя тыдні Амаранта нечым поўнілася, пашыралася і разыходзілася ўглыб. Заўсёды адчувала пасярэдзіне жывата нястрыманы голад: хацела ўсяго, нават зямлі (сніла, як есць яе з рукі, ліжа чорныя пальцы).

      Нешта ў ёй адбывалася, нешта рвалася і ўтваралася.

      Ля люстэрка яна ўзняла прыпол да самага твару, агаліўшы ногі, трыкутнік майткоў і жывот – белае, чорнае, белае, кветкі. Глядзела сабе ў вочы, пакуль ціснула на скуру. Зрэнкі расплыліся па-над сінім колерам – ва ўлонні рухалася тое, пра што было напісана.

      Дом

      Дом будаваўся ў двары маіх стрыечных сясцёр. Адразу было зразумела, што ён будзе вялікім, узвысіцца над старэнькім пяціпавярховікам, дзе я гасцявала ўлетку. З вокнаў новага дома можна будзе ўбачыць рэчку Муху і зялёныя палі, дзе ранкам туман ахінае вербалозы. Будучыя жыхары дзявятага паверха выйдуць на гаўбцы і паглядзяць на бетонны прамавугольнік даху таго дома, што стаяў тут раней за іхні. Недакуркі і пачарнелыя запалкі паляцяць уніз, пакідаючы паміж дамамі выразную лінію варожасці.

      Усё мясцовыя дзеці лазілі за агароджу, каб пагуляць на будоўлі. Я чула гісторыі пра хлопцаў, якія ўзбіраліся на другі паверх без лесвіц, ведала, што нехта з падлеткаў амаль загінуў, бачыла, як злавесна свеціцца кабіна крана па начах. Гэтае месца, якое кожны дзень мянялася, страчвала рысы і набывала новыя, было падобнае да сну, у які вяртаешся ўжо ў які раз, але не можаш спасцігнуць: кожны твой крок да сэнсу робіцца не ў тым напрамку, і ты губляешся пасярод цемры. Калі я глядзела на бязладдзе формаў і загадкавую мітусню будаўнічых, то не верыла, што гэта будзе звычайны жылы дом.

      Шэрыя пліты з дзіркамі вокан, перакрыцці і таемныя металічныя пруты абяцалі веліч.

      Але пакуль дом не пабудаваны. Пакуль – гэта калі мне было шэсць год, і час яшчэ не меў трываласці. Яго прамежкі адчуваліся па-рознаму, але звычайна цяклі вельмі марудна. Свет не спяшаўся быццам наўмысна – шкадаваў дзіцячыя вочы, даваў на сябе паглядзець і запомніць, перш чым праглыне. Тое лета было доўгім, той вечар быў бясконцым.

      Старшая сястра і яе сяброўка ўзялі мяне за агароджу, каб я паглядзела на збор.

      Вечаровы змрок прагнаў дарослых, і будоўлю захапілі падлеткі. Іх было шмат, і ўсе нечым займаліся: дзяўчыны раскладалі касметыку і ўпрыгожванні на бетонных плітах, хлопцы паказвалі, якія спрытныя ў іх целы, якія рашучыя душы. Дзяцей там амаль не было,