Спакойныя разважанні Мірона трохі супакоілі і Віктара. Прынамсі, цяпер яны ведаюць, што іх чакае і што ім трэба рабіць.
– Вось тваё жаданне і збылося, – усміхнуўся Мірон. – Можаш цяпер і агонь здабываць, і жыць тут, як дзікун.
– Яно так, – паскроб патыліцу Віктар, – але на справе гэта зусім не так добра, як здавалася раней.
Сонца спускалася за лес. Апошнія праменні яго слізганулі па воднай прасторы, а затым накіраваліся ўгору. Загарэліся верхавіны дрэў, нібы сонца цяпер асвятляла іх больш, як удзень. Зайгралі на небе рознакаляровыя воблачкі, якіх, здаецца, да гэтага часу і не было. Ад вады дыхнуў халадок. Цішыня была поўная.
Пачуццё адзіноты ахапіла хлопцаў. Чаго яны сюды забраліся, далёка ад людзей, ад сваіх блізкіх? Што ім тут рабіць? А калі і як выберуцца – яшчэ невядома. Нездарма з іх смяяліся таварышы, калі пачулі аб іх намеры. Такія думкі ўпарта лезлі ў галаву і Віктару і Мірону, але гонар не дазваляў прызнацца ў гэтым не толькі перад таварышам, але і перад самім сабою. Голад, які яны сцішалі толькі вадой, з кожнай хвілінай мучыў іх усё больш і больш. Па меры таго як садзілася сонца, узмацняўся і холад.
– Давай рабіць бярлогу! – крыкнуў Віктар, страсянуўшы плячыма, нібы адганяючы ад сябе і холад, і голад, і сумныя думкі.
У пясчаную ямку, дзе начавалі мінулую ноч, яны звалаклі ўсё сухое, што маглі знайсці вакол сябе, і ў дадатак яшчэ наламалі кучу яловых лапак. Атрымалася бярлога, ад якой не адмовіўся б і сам мядзведзь.
Хлопцы залезлі ў яе, некаторы час прыладжваліся і круціліся, як квактуха ў гняздзе, затым сцішыліся. Але, нягледзячы на стомленасць, адразу заснуць не маглі. Становішча, у якім яны так нечакана апынуліся, было вельмі непрыемнае. Ці паспеюць яны вярнуцца да пачатку заняткаў у тэхнікуме? Колькі дзён трэба на тое, каб вада сышла? Як пражыць гэтыя дні? Колькі трывогі будзе дома, калі яны спозняцца!.. Адным словам, было над чым задумацца.
IV
Вось табе і няхітрая навука! – Прыйшлося пакаштаваць сырога зайца. – Дынама-машына. – Агонь! – Крыўда Віктара. – Навуковая дыскусія.
– Толькі пачатак цяжкі, – казаў раніцою Мірон, устаючы, – а вось другая ноч была зусім нядрэнная. Можа, і да голаду прывыкнуць можна будзе. Прынамсі, цяпер я не адчуваю яго.
Не адчуваў голаду пакуль што і Віктар, толькі ў роце было неяк нядобра.
Паўстала пытанне, што спачатку рабіць: ці «хату» будаваць, ці агонь здабываць? Спрачацца не прыйшлося – аднагалосна прызналі, што агонь важней. Але як прыступіцца да гэтай справы?
– Неяк церці ды круціць трэба сухія трэскі, – прамовіў Віктар. – А як яно робіцца – ты ведаеш?
– Ну, гэта навука няхітрая, – адказаў Мірон.
Узялі два сухія кавалкі і пачалі церці адзін аб адзін. Церлі доўга, цярпліва, некалькі разоў мяняліся. Але агню не было. Праўда, кавалкі так нагрэліся, што дакрануцца да іх нельга было. Але да агню было яшчэ далёка.
– Пачакай! – крыкнуў Віктар. –