Палескія рабінзоны. Янка Маўр. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Янка Маўр
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Книги для детей: прочее
Год издания: 1930
isbn: 978-985-02-1304-4
Скачать книгу
справа. Цяпер жа, калі сядзелі галышом пад дрэвам і чакалі, пакуль высахне адзежа, яны маглі больш падумаць пра заўтрашні дзень.

      – А што, калі нам некалькі дзён давядзецца валэндацца тут, пакуль выберамся? – разважаў Віктар.

      – О, гэта было б вялікім шчасцем! – прамовіў Мірон.

      – Дзякую за гэткае шчасце! – чмыхнуў Віктар. – А есці што будзеш? Можа, яшчэ з голаду зойдзешся.

      – Вось таму я і лічу за шчасце пабадзяцца некалькі дзён, а не тыдняў ці месяцаў, – панура сказаў Мірон.

      – Можа, скажаш яшчэ – стагоддзяў, – усміхнуўся Віктар.

      – І гэта можа быць, – сур'ёзна адказаў Мірон. – Нашы косці могуць знайсці і праз некалькі стагоддзяў!

      – Эх ты, нуда хадзячая! – скрывіўся Віктар. – Табе на печы б сядзець, а не пускацца ў падарожжа. Чуў я шмат разоў, як людзі блудзілі па лясах, але не чуў аніводнага разу, каб у нашых лясах гэтак хто-небудзь загінуў. Гэта табе не бразільскія лясы, не афрыканскія пушчы.

      – Чаго ты пнешся? Магу цябе запэўніць, што я таксама не вельмі прагну тут загінуць, – апраўдваўся Мірон.

      – Ну, дык няма чаго рыхтавацца да смерці! – адрэзаў Віктар.

      Хоць сонца яшчэ свяціла, але ўжо не грэла. Доўгія цені паступова пакрывалі светлыя мясціны. Хлопцы адчулі холад.

      – Нічога не зробіш, прыйдзецца надзяваць сырую адзежу, – уздыхнуў Мірон.

      – Дармо! Дасохне на целе, – бадзёрыўся Віктар.

      Калі яны адзеліся, Віктар неяк нерашуча сказаў:

      – Можа, пойдзем далей?

      – Куды ты цяпер пойдзеш? – адказаў Мірон. – Нават па знаёмай дарозе рызыкоўна пускацца ў такі час. А гэтак мы напэўна праблытаемся ўсю ноч дарэмна. Наўрад ці блізка ў гэтых месцах ёсць паселішча. Якім бы ні было чынам, а прыйдзецца тут пераначаваць.

      За ўвесь сённяшні дзень гэта было адзінае пытанне, па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Пачалі рыхтавацца да начлегу. Зрабілі сабе логава ў сухім пяску між карэнняў, падгарнулі сухога лісця і шыльніку.

      Нарэшце надышоў самы вялікі, урачысты і адказны момант – здабыванне агню. Сэрцы ў хлопцаў застукалі мацней, рукі дрыжалі. Мусіць, з такім самым пачуццём тысячагоддзі назад у якім-небудзь першабытным храме людзі прыступалі да здабывання свяшчэннага агню.

      – Ці высахлі яны?

      Памацалі з усіх бакоў – здаецца, высахлі.

      Чыркнуў Віктар раз, другі – нічога… Толькі белы след застаўся на карабку.

      – Мусіць, не досыць высахлі, – сумна сказаў Мірон. – Болей псаваць не варта.

      – Мая кашуля ўжо высахла, я палажу іх пад паху, – сказаў Віктар.

      А пакуль што прытуліліся ў сваім логаве без агню.

      II

      Першая ноч. – Начная дужанка. – Заяц, які дзюбаецца. – Апошнія запалкі. – Дадому.

      Сонца ўжо зайшло, але яшчэ цэлую гадзіну трымаўся шэры змрок. Над возерам са свістам праляталі качкі, спяшаліся на начлег. Уверсе пачуўся жураўліны крык. Вось ён мацнее, робіцца больш выразным: відаць, жураўлі спускаюцца на адпачынак.

      – Вось добра было б, каб які-небудзь журавель ці гусь сеў нам на галаву! –