Вуліца Добрай Надзеі (зборнік). Міхась Андрасюк. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Скачать книгу
лепшых крыніц у нас не было. Маю тут на ўвазе алейныя позіркі родавых партрэтаў, спічастыя знакі замкаў, рассеяныя ў бязмежжы стагоддзяў, азызлыя торсы летапісаў, адзетыя ў мундзіры з цялячай скуры і расстаўленыя вайсковым строем у палацавых бібліятэках. Было толькі мімалётнае слова. На пачатак і на заканчэнне.

      Па словах бабкі Сонькі, Уладзімір быў мужчына статны, высокага росту, сінявокі. Блакіт яго вачэй заходзіў так глыбока, што спалучаўся з сэрцам. Менавіта пра такіх людзей і кажуць, што яны сэрцам глядзяць на свет. А яшчэ з бяздонным блакітам вачэй пераклікалася здзіўленне. Уладзіміра здзіўляла ўсё: усход і захад сонца, вяртанне буслоў з далёкіх краін, кветка рамонка ў траве і халодны лапух на зімовай шыбе. “Ён павінен быў стаць паэтам”, – скажа бабка Сонька. Скажа гэтыя словы на ўсю вечнасць пазней, калі ўжо сяк-так пачне арыентавацца ў лабірынтах літар.

      Але ў маладосці, калі наканаванасць, не ўпэўненая ў сваіх сілах, яшчэ паддаецца чалавечым пажаданням або волі выпадку, у свеце дзеда Уладзіміра нічога не ведалі пра паэтаў. У тыя гады іншы быў таксама час – не дазваляў абыкаму закідваць яго ў віртуальныя астрогі камп’ютэраў, закоўваць у цэлулоідныя калодкі кіно, а потым забаўляцца, соўваючы здарэнні наперад і назад, як мэблю па гасцінным пакоі, або, памыліўшыся шляхам, вяртацца да зыходнага пункту і пачынаць новую вандроўку. Кожнай рэчы вызначалася канкрэтнае заданне, а чалавеку – месца.

      Таму вось дзед Уладзімір стаў фурманам у двары пана Драгабыцкага. Па буднях звозіў з палёў буракі і снапы жыта, а ў святочныя дні закладаў у брычку Султана і каціў гаспадароў у Кляшчэлі, у касцёл. Конь белы, як выліты з восеньскай iмглы, падрываў капыты, раскiдваў грыву, уступаў у гонку з ветрам. “І будзь тут разумны, і скажы – дзе канчаецца грыва, а дзе пачынаецца вецер”, – здзіўляліся сінія вочы.

      Імчаліся праз Войнаўку, Палічну, Курашава, а імпэт здзіраў з галоў мужыцкія шапкі, і мужыкі схіляліся: “Дзень добры, пан! Дзень добры, Султан! Дзень добры, фурман Уладзімір!” – Малайчына, Уладзімір, – пан Драгабыцкі ўсміхаўся і сяброўскім жэстам ляпаў фурмана па плячы, а калі пространь між дваром і касцёлам удавалася прашмыргнуць за адну гадзіну, частаваў яго сапраўднай цыгарэткай.

      Двор стаяў за вёскай, на ўскрайку лесу. Сярод вясковых хат белы будынак выдзяляўся памерамі і формай. Тры сцяны раскрываліся ганкамі, а драўляныя слупыкалонкі трымалі панад сходамі трохвугольныя дашкі. Паўднёвыя сходы выходзілі ў сад, паўночныя на шырокі дзядзінец, а ўсходнія ў невялікі парк, дзе ліпамі і клёнамі вызначаліся цяністыя алейкі. “Прагуляемся, сонейка?” – стары пан падстаўляў плячо сваёй старой пані, і яны адыходзілі ў ліпавы цень. Або, прысеўшы познім пасляпоўднем на ганку, пытаў яе: – Сонейка, а, можа, мы гарбатку папілі б?

      Да ўсіх астатніх пан Драгабыцкі звяртаўся “сэрдэнько”. Такім словам клікаў свайго сына Стасінка і вітаў гасцей, што час ад часу наведвалі двор, і нават смургаляваты пастушок, захоплены знянацку ў дворскіх яблынях і грушах, мог спадзявацца на цёплае: “А што ж ты, сэрдэнько,