. . Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор:
Издательство:
Серия:
Жанр произведения:
Год издания:
isbn:
Скачать книгу
Мэры…

      Марыя Дзямковіч нарэшце дала рады сваёй расчуленасці, млявасці, што моцна апанавалі яе ў жадную хвіліну, і таму не кінулася прэч адсюль, з вачэй адукаванай публікі, як у роспачы хацелася зрабіць, каб не паказаць сваіх слёз, сваёй слабасці,– усміхалася пакаянна, зычліва. Лекары бачылі на энергічным і прытомленым твары сваёй каляжанкі водсвет трапяткога агню; больш за тое, таму, хто хоць раз сустрэўся з ёй позіркам, рабілася ўтульна і хораша – як пaсля прычасця.

      – Доктар Марыя, – прагучаў голас спагадлівай місіс няпэўнага веку, пра якую Дзямковіч ведала, што яна псіхіятр, – нам сказалі, што вы прыехалі з Польшчы, там застаўся родны дом. О, ён заўсёды цяплейшы за астатнія… Праўда?

      – Шур! – нейк машынальна адказала яна, што на іхняй мове азначала: «Пэўна!» – Я ў Польшчы вучылася, і там засталіся мае маладыя гады. А цяпер – не схлушу – мне і тут добра. Сэнк’ю! Я ўдзячная вам, удзячная гэтай краіне. А ўвогуле мой родны кут, пра які вы кажаце, яшчэ трохі далей – на ўсход ад Польшчы.

      – Russіa… Русь… Расія? – выказалі слухачы здагадку, і мала хто, акрамя псіхіятра, напэўна, мог заўважыць, што па мяккім і вабным твары місіс Дзямковіч прамільгнуў цень.

      – Но-о, – пахітала яна галавой і прамовіла пасля паўзы з пэўным напружаннем у голасе: – Беларусь. Не ведаеце?.. Беларусь мая радзіма.

      Разыходзіліся. Ніхто са слухачоў, сярод якіх былі і жанчыны-лекаркі, не задумваўся лішне, чаму ў іх не ўзнікла адмоўных пачуццяў, напрыклад, зайздрасці, рэўнасці да місіс Дзямковіч, пры яе такім поспеху ў калег ды вабнай паставе, гожым абліччы…

      А яна сваім сэрцам угадвала гэты агульны мілажальны настрой, прыхільнасць да сябе, і сэрца соладка замірала. Толькі ж калі прыехала да сваёй невялічкай камяніцы на два паверхі, паставіла машыну ў гараж пад домам ды паднялася ў пакой – ад святла ўвесь інтэр’ер, лад пакаёвы зайгралі і ўразілі, яшчэ раз падкрэсліваючы яе самавітасць; успамін таго дня не адышоў зусім і зноў вярнуў Марыю ў далёкую вёску, дзе прайшло маленства і дзе пад дзедавымі ласкавымі далонямі ўпершыню праклюнулася і пайшло ў рост каліўца яе годнасці, гонару. Там не было межаў марам ды волі вольнай. Там усё цвіло, і яна пачувала сябе так добра. Па-новаму накацілася хваля, ад якой яна днём ледзь-ледзь не захлынулася.

      – Ах, дзядуля-дзядуля, каб жа ты быў жывы і паглядзеў на мяне!

      Прыпыніўшыся каля вялікага трумо, спадарыня Марыя кінула туды вокам – заўважыла ў ім сябе і як бы не сябе нават, а свой цень, які незалежна ад яе мільгануў воддаль. Уткнулася ў падушку і заплакала горка, наўсхліп. Ды не заўважыла, як заснула і апынулася далёка-далёка, там, на зямлі ці хутчэй над зямлёй, якая ляжала зялёным дываном паміж Польшчай і Расеяй. Улетку ўсё там вабіла, захапляла, чаравала кветкамі, духмяніла імі, буяла імі, а ўзімку зямля спачывала пад белым пульхным покрывам, ахутвалася ў срабрысты іней, убіралася ў такія адмысловыя строі да самых апошніх галінак дрэў, да вільчыкаў хат і спявала-спявала звонка і тужліва ў трыснягах над возерам і пад імклівымі палазамі саней.

      Марыі