Не, яны нічым не заміналі Філіпчыку. Акрамя як сваім існаваннем, якое савецкая ўлада абвясціла несумяшчальным са шчаслівай калгаснай будучыняй. Праўда і тое, што яны гэта і не аспрэчвалі…
Бузукоў саслалі ў Сібір. Там яны і памерлі. Выжыў толькі малодшы.
Перад вайной Бузук-малодшы пасяліўся ў саўгасе пад Ленінградам, ажаніўся. А калі немцы наблізіліся, кінуў капаць акопы, перайшоў да іх і паступова дабраўся да Слуцка, дзе ўладкаваўся камандзірам батальёна паліцыі…
Падрабязна, з пратакольнай абыякавасцю ён распавядаў, як у сонечны марозны студзеньскі дзень прыехаў са сваімі падначаленымі да Філіпчыкаў; як пагналі іх да старога дуба на ўскрайку хутара; як плакалі дзеці, калі маці завязвала ім вочы; як стаяў Мікалай Філіпчык, зняўшы акуляры і праціраючы іх скамечаным у дрыготкай руцэ канцом кашулі… «Ты заб’еш мяне, – сказаў тады Філіпчык, – але лапці мае пойдуць за табой…»
«Лапці» Філіпчыка дагналі Бузука ў 1977 годзе. Ніна, Філіпчыкава пляменніца, адзіная з дзяцей, што паспела схавацца ў лесе, увесь час пасля вайны дамагалася, каб яго шукалі. Адшукалі ў тым жа саўгасе пад Ленінградам, у той жа жонкі…
І быў суд. Беларускі і яўрэйскі, гарадскі і сялянскі Слуцк сатрасаўся ад успамінаў аб ягоных крывавых злачынствах…
Бузук, лядашчы нізкарослы стары, сядзеў на доўгай лаве падсудных тварам да суда. «Павярніце яго! Хай павернецца! Хай паглядзіць людзям у вочы!» Перад тым, як зачытаць прысуд, яму загадалі павярнуцца. І тады ён ускочыў з лавы і, хістаючыся на нямоглых нагах, пабег да выхаду з залы Дома культуры…
…Ад смерці пабег? Ці, можа, ад незгасаючага ў памяці бляску акуляраў Філіпчыка? А мо хацеў збегчы з жахлівай гісторыі, у каторую зацягнуў яго аднойчы бязлітасны вір «класавай барацьбы»?..
Яго злавілі. Увесь астатні час, пакуль ён стоячы слухаў расстрэльны прысуд, месца на лаве заставалася пустым…
Ці трэба тлумачыць, якое месца ў гэтай гісторыі займае Сталін?
Ці трэба тлумачыць, якое месца ў Гісторыі ўсё яшчэ чакае яго?
Пакуль нехта лічыць, што дастаткова пахаваць Сталіна ў гэтай гісторыі, заўсёды будуць з’яўляцца тыя, хто зноў і зноў нацягне на сябе сталінскі мундзір.
Між тым, любая праява сталінізму – ад правакатарскага фарсу са «сталінобусам» да ўсёабдымнага страху перад уладай – дыхае злачыннай варожасцю паміж людзьмі, крывёю ды грамадзянскай вайной… Не дзіва, што менавіта на прасторы, дзе ўладарыў «пераможца фашызму», нараджаецца найноўшы фашызм.
Вось чаму патрэбен суд, і як мага хутчэй. Бо канчаткова сыдзе апошняе пакаленне, здольнае беспамылкова пазнаваць у падрабязнасцях ды агульнай атмасферы сённяшняга жыцця рысы і подых сталіншчыны.
Канчаткова сыдуць у нябыт ахвяры,